Хворы на каронавірус акцёр памёр ад “неўдакладнённай пнеўманіі”
Такі дыягназ засведчаны ў даведцы, якую сваякам памерлага Віктара Дашкевіча выдалі ў лякарні. У пасведчанні аб смерці ў адпаведнай графе – толькі шыфр з лацінскіх літар і лічбаў.
Віктар Мікалаевіч Дашкевіч, 75-гадовы акцёр Віцебскага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, заслужаны артыст Беларусі, памёр у лякарні ўночы з 30 на 31 сакавіка. У медычную ўстанову ён трапіў 21 сакавіка з дыягназамі “пнеўманія” і “хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх”, падчас лекавання яму двойчы рабілі тэст на наяўнасць каронавіруса, і другі з тэстаў паказаў станоўчы вынік. Сваякі не выключаюць, што каронавірус ён “падхапіў” у агульнай палаце, куды шпіталізавалі ўсіх хворых з сімптомамі пнеўманіі. Пасля таго, як Віктару Дашкевічу стала горш, яго перавялі ў рэанімацыйнае аддзяленне і падлучылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Але выратаваць яго не ўдалося.
Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай наступным чынам выказаўся пра першую смерць пацыента, у якога быў пацверджаны каронавірус: “Паступіў з цяжкай пнеўманіяй… ратавалі яго. Мы падазраем, што, апрача пнеўманіі і іншых хваробаў, быў і гэты вірус. Мы ж прасілі. Яму заўтра будзе 80 гадоў, чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы і тым больш працуеш?” Хаця б казённых спачуванняў сям’і памерлага так і не прагучала.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск