Кіеўскі гарсавет назваў сквер у цэнтры горада ў гонар Шарамета
Дэпутаты Кіеўскага гарсавета на пасяджэнні 12 снежня прынялі рашэнне назваць сквер у цэнтры сталіцы ў гонар беларускага журналіста Паўла Шарамета, які працаваў ва Украіне (сайт „Украінская праўда”, радыё „Весці”) да сваёй гібелі ў выніку тэракта 20 ліпеня 2016 года.
Як паведаміла прэс-служба гарсавета, імя журналіста будзе насіць зялёная зона на скрыжаванні вуліц Рэйтарскай і Стралецкай. „Адпаведны зямельны ўчастак у Шаўчэнкаўскім раёне быў абраны паводле папярэдняга ўзгаднення з блізкімі Шарамета”, — адзначаецца ў рэлізе.
„Павел Шарамет быў вядомым журналістам не толькі ва Украіне, ён працаваў у Беларусі, дзе быў народным улюбёнцам і адначасова ворагам Лукашэнкі. З-за гэтага ён вымушаны быў выехаць у Расію, дзе доўгі час працаваў, асвятляў чачэнскую вайну. Потым, у 2013 годзе , падчас рэвалюцыі годнасці пачаў працаваць у Кіеве. Павел заўсёды выбіраў свабоду і плаціў за гэта вельмі дарагую цану. Сёння ўкраінцы таксама плацяць дарагую цану за свабоду. Гэты сквер будзе не імя Паўла Шарамета, а сквер свабоднага чалавека, які заплаціў за свабоду, які цаніў гэтую свабоду”, — заявіла галоўны рэдактар „Украінскай праўды” Сеўгіль Мусаева, словы якой прыводзіць прэс-служба гарсавета.
З 19 сакавіка па 19 мая на сайце Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі прайшло грамадскае абмеркаванне аб прысваенні скверу імя Шарамета. Ідэю падтрымала 81% грамадзян. У той жа час у апытанні ўзялі ўдзел невялікая колькасць грамадзян — 113.
12 снежня Нацыянальная паліцыя паведаміла аб затрыманні трох чалавек, якія падазраюцца ў забойстве Шарамета. Пра ход расследавання было паведамлена на гадзіннай экстраннай прэс-канферэнцыі ў МУС, на якую прыбылі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі і генеральны пракурор Руслан Рабашапка.
Фота dw.com