Кіраўнік Мінсувязі: Беларусь не плануе абмяжоўваць інтэрнэт



Беларусь не плануе ісці па шляху Расеі ў прыняцці закона аб забеспячэнні ўстойлівай працы нацыянальнага сегмента інтэрнэту. „Такіх планаў у нас няма”, — заявіў міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган 2 мая на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Пры гэтым, паводле яго слоў, прыняцце закона аб устойлівай працы Рунэту ў выпадку яго адключэння ад глабальнай інфраструктуры інтэрнэту не адаб’ецца на працы беларускага сегмента глабальнай сеткі. „Але нават такі падыход — беларускі, расейскі ды іншы інтэрнэт — гэта не зусім правільна як з пункта гледжання карыстальніка, так і тэхнічнага. Бо інтэрнэт — гэта сусветная павуціна. Вырываць кавалкамі, я лічу, гэта не зусім правільна. І я лічу, што межаў для абмену інфармацыяй у наш час быць не павінна”, — адзначыў міністр.

„Безумоўна, хтосьці страхуецца ў плане бяспекі сістэм. Мы таксама над гэтым працуем, таму што не ўсе думаюць пра нешта толькі добрае. І тут заўсёды трэба разумець, што адна з самых важных бакоў інфармацыйных сістэм — гэта арганізацыя іх бяспекі”, — дапоўніў Шульган.

Варта адзначыць, што Аляксандр Лукашэнка падчас выступлення з пасланнем парламенту і народу 19 красавіка выказаўся супраць ідэі ізаляцыі нацыянальнага інтэрнэту. „Калі хтосьці — а да мяне прыходзяць розныя людзі з прапановамі — хоча закрыць інтэрнэт, нейкі асобны інтэрнэт стварыць — гэта ўсё лухта. Трэба ў інтэрнэце працаваць. І калі вы, чыноўнікі і іншыя, хто за гэта атрымлівае грошы, працуючы у інтэрнэце да знямогі, прыедзеце і будзеце паміраць, тады прыходзьце і прапануйце закрываць інтэрнэт. Але вы там яшчэ не былі і не працавалі, а ўжо прапануеце ўсё закрыць, усіх задушыць, усіх выкінуць. У краіне не тое становішча, каб усіх душыць”, — сказаў ён.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 1 траўня падпісаў закон аб устойлівым расейскім сегменце інтэрнэту, які прадугледжвае магчымасць ізаляцыі Рунэту. У адпаведнасці з гэтым дакументам будзе створаная нацыянальная сістэма маршрутызацыі інтэрнэт-трафіку, галоўная задача якой — забеспячэнне „надзейнай працы расейскага сегмента інтэрнэту ў выпадках збояў або мэтанакіраванага маштабнага вонкавага ўздзеяння”. Закон „падрыхтаваны з улікам агрэсіўнага характару прынятай у верасні 2018 года стратэгіі нацыянальнай кібербяспекі ЗША”. „У гэтых умовах неабходныя ахоўныя меры для забеспячэння доўгатэрміновай і ўстойлівай працы сеткі інтэрнэт у Расеі, павышэння надзейнасці працы расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў”, — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да законапраекта. Дакументам вызначаныя правілы маршрутызацыі трафіку, арганізуецца кантроль іх выканання, ствараецца магчымасць для мінімізацыі перадачы за мяжу звестак, якімі абменьваюцца паміж сабой расейскія карыстальнікі.

belapan.by