Кіраўнік МУС: Каля 500 супрацоўнікаў унутраных спраў заразіліся каранавірусам
Каля 500 супрацоўнікаў органаў унутраных спраў заразіліся каранавіруснай інфекцыяй, паведаміў журналістам 5 траўня міністр унутраных спраў Юрый Караеў.
„З іх 34 на дадзены момант паправіліся, яшчэ сёння ў стадыі выпіскі некалькі супрацоўнікаў, мне зараз даложаць колькі, — сказаў Караеў. — У асноўным працякае бессімптомна, нехта ў бальніцы з тэмпературай да 38. Ёсць некалькі чалавек на ШВЛ. Ёсць некалькі тых, каго з ШВЛ ужо перавялі ў звычайную палату”.
Караеў адзначыў, што маладыя людзі захворванне пераносяць лягчэй. „Мы вось па сваіх супрацоўніках глядзім. Вядома, у нас такі асаблівы склад. Мы і адабраныя па здароўі лепш, і дыспансерызацыя больш пільная. У нашых супрацоўнікаў запушчаных, скажам так, няма. Калі казаць, што мы — як зрэз грамадства, то так, мы трошкі, можа, і здаравейшыя, — сказаў Караеў. — Але гледзячы па нашых супрацоўніках, хачу сказаць, што ўсё, што гаворыцца і пішацца нашымі лекарамі аб тым, што маладыя больш лёгка пераносяць, людзі, якія займаюць спортам, са здаровым імунітэтам — гэта сапраўды так, гэта ніхто адмаўляць не будзе”.
На пытанне, якія падраздзяленні больш пацярпелі ад каранавіруса, Караеў адказаў, што хворыя ёсць у кожным. „Гэта супрацоўнікі ўсіх падраздзяленняў — патрульна-паставая служба, ахова, унутраныя войскі (прычым не салдаты, а афіцэры), курсанты Акадэміі МУС, курсанты факультэта ўнутраных войскаў. Я здзіўлены, што нам удалося на такой лічбе ўтрымацца. Паглядзець на характар працы міліцыянера, які п’янага з прыпынку падымае, бамжоў, правярае ўсіх, павінна было быць у дзясяткі разоў больш [заражэнняў]”.
Паводле слоў міністра, дапамаглі своечасова прынятыя жорсткія меры. „Супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі пайшлі на абходы ў райаддзелы, глядзець, які там рэальна антысептык, як мераюць усім тэмпературу, як людзі сябе адчуваюць, як апрацоўваюць рукі, — распавёў Караеў. — Прыйшлося пакараць некаторых за тое, што вось так вось прайшоў міма паста, не апрацаваўшы рукі. Прыбіральніц перавялі на рэжым, каб яны не раз на дзень памылі, а нон-стоп ходзяць, праціраюць ручкі, пырскаюць, апрацоўваюць уваходы ў райаддзелы”.
Караеў таксама паведаміў, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў праходзяць лячэнне ў шпіталі МУС. „Там своечасова прымаюцца меры абароны, — сказаў міністр. — Вядома, хварэюць і медыкі, і медсёстры, і санітаркі, і лекары. Я кожную раніцу таксама цікаўлюся, пытаюся. У асноўным у іх гэта праходзіць бессімптомна. Яны сядзяць дома, выконваюць рэжым самаізаляцыі”.
Караеў удакладніў, што каля 20 супрацоўнікаў шпіталя МУС заражаныя каранавіруснай інфекцыяй.
belapan.by