Кіраўнік МУС: Канфлікту міліцыі з байкерамі не было
Канфлікту міліцыі з байкерамі ў Менску не было, заявіў журналістам 12 мая ў парламенце міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Ігар Шуневіч ( Фота sputnik.by)
„Такі канфлікт сам па сабе немагчымы, таму што мы — арганізацыя не канфліктная, мы — міністэрства, якое наводзіць парадак у краіне”, — заявіў Шуневіч.
Што ж тычыцца канфліктных сітуацый з парушальнікамі закона, то яны, паводле слоў міністра, былі, ёсць і будуць. Пакуль у краіне будуць парушальнікі закона, міліцыя будзе рэагаваць на іх дзеянні „жорстка і прынцыпова”, падкрэсліў Шуневіч. „Праблемы ёсць са злоснымі парушальнікамі закона, правілаў дарожнага руху, якія ў грош не ставяць ні свае жыцці, ні жыцці іншых”, — дадаў міністр.
„Байкеры, на мой погляд, гэта вельмі прагрэсіўны рух, вельмі глыбокі, сур’ёзны сацыяльны феномен. Гэта не праблемны для міліцыі стан”, — сказаў Шуневіч.
Нагадаем, у красавіку ў Менску адбылося ДТЗ, у ходзе якога супрацоўнік ДАІ пры спробе спыніць матацыкліста, трапіў пад колы інкасатарскія машыны і атрымаў сур’ёзныя траўмы. Неўзабаве пасля гэтага сталічныя байкеры сталі паведамляць пра факты канфіскацыі ў іх матацыклаў. Каментуючы 21 красавіка журналістам дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, Шуневіч заявіў: „Я дапускаю, што ёсць наяўнасць прафесійнай помсты з боку супрацоўнікаў ДАІ ў рамках заканадаўства. А калі вы лічыце, што гэта прадузята, то схадзіце паглядзіце на нашага супрацоўніка, які зараз змагаецца за жыццё. Ён у вельмі складаным стане”.