Кіраўнік прэзідэнцкага пула журналістаў на ОНТ Дзмітрый Семчанка арыштаваны на 15 сутак



 Былы тэлевядоўца ОНТ і кіраўнік прэзідэнцкага пула журналістаў на канале Дзмітрый Семчанка атрымаў 15 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 16 жніўня, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Суд Фрунзенскага раёна Менска 11 верасня прызнаў яго вінаватым на падставе ч. 1 арт. 23.34 КоПА (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Паводле інфармацыі БАЖ, паказанні Семчанка даваў па відэасувязі — у суд затрыманых не дастаўляюць вось ужо некалькі месяцаў, тлумачачы эпідэміяй каронавіруса. Справу разгледзела намеснік старшыні суда Юлія Блізнюк.

Семчанка быў затрыманы напярэдадні вечарам у сябе дома. Міліцыя забрала яго ў РУУС. Ноч ён правёў у ІЧУ на Акрэсціна. Здзяйсненне якога правапарушэння ставяць у віну Семчанку, яго родным не было вядома да сённяшняй раніцы, адзначылі ў БАЖ.

На тэлеканале ОНТ Дзмітрый Семчанка працаваў з 2009 года, таксама ён узначальваў пул журналістаў, якія працавалі з Аляксандрам Лукашэнкам. 13 жніўня стала вядома, што Семчанка сыходзіць з канала. На сваёй старонцы ў „Інстаграме” 18 жніўня журналіст напісаў: „Кожны сам робіць свой выбар. Я свой зрабіў і магу казаць толькі за сябе. Калі я ўбачыў, як знішчаюць беларускі народ, — зразумеў, што ўжо ніколі не змагу маўчаць пра гэта. Інакш буду жывым трупам!”

belapan.by