Кіраўнік Расспажыўнагляду перадала Беларусі новую вакцыну ад COVID-19 „Эпіваккарона”



 Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач, кіраўнік Федэральнай службы па наглядзе ў сферы абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека Расеі (Расспажыўнагляд) Ганна Папова перадала Беларусі новую вакцыну ад каранавіруса „Эпіваккарона”.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі, дэлегацыя Расспажыўнагляду 3 лютага знаходзіцца ў Менску з афіцыйным візітам, у рамках якога спецыялісты дзвюх краін абмяркоўваюць праект сумеснага даследавання папуляцыйнага імунітэту да COVID-19. „Такі праект у Расейскай Федэрацыі праходзіць вельмі паспяхова, мы разумеем, якая колькасць насельніцтва ў Расіі мае імунітэт да COVID-19”, — сказала Папова. Паводле слоў кіраўніка Расспажыўнагляду, дадзеныя аб папуляцыйным імунітэце дазваляюць прагназаваць далейшую эпідэмічную сітуацыю.

Папова выказала ўпэўненасць, што новая вакцына „Эпіваккарона” паслужыць захаванню здароўя медработнікаў, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі. „Акрамя таго, мы перадалі тэст-сістэму новага пакалення для вызначэння віруса”, — заявіла яна.

„Мы, вядома, спадзяемся, што гэтая вакцына будзе пастаўленая ў большай колькасці і яна дапаможа ў комплексным супрацьдзеянні каранавірусу. Гэта вельмі добрая вакцына, ацэньваецца вельмі высока”, — сказаў кіраўнік беларускага ведамства Дзмітрый Піневіч.

Раней Расспажыўнагляд паведаміў, што па выніках першай і другой фаз клінічных выпрабаванняў імуналагічная эфектыўнасць вакцыны „Эпіваккарона” склала 100%. Маштабны выпуск вакцыны плануецца пачаць у лютым.

На сустрэчы з Паповай прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што санітарныя службы дзвюх дзяржаў знаходзяцца „ў цесным і плённым кантакце з самага пачатку пандэміі”. „Вядома, пандэмія наклала глыбокі адбітак на эканоміку нашых краін, камунікацыі. Усё гэта негатыўна паўплывала на вынікі гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння”, — адзначыў Галоўчанка.

Паводле яго ацэнкі, цяпер дзякуючы скаардынаваным намаганням ёсць пазітыўныя тэндэнцыі ў пераадоленні наступстваў пандэміі. „На міждзяржаўным узроўні сумесныя дзеянні ў высокай ступені гарманізаваныя, і забяспечваецца ўзгодненасць у рэалізацыі прынятых рашэнняў”, — заявіў ён.

belapan.by