Кіраўнік “Рускага дому” прапануе замяніць “шкарпэткі” на “наскі”
Жыхар Віцебска Андрэй Герашчанка, кіраўнік прарасейскага грамадскага аб’яднання “Рускі дом”, прапануе правесці рэформу беларускай мовы.
Па слядох гісторый, калі работнікі сферы абслугоўвання не разумеюць або адмаўляюцца разумець беларускамоўных спажыўцоў, ён заяўляе, што “словы «гарбата», «шкарпэткі» і шэраг іншых не родныя для беларусаў і не зразумелыя нашым людзям”. Андрэй Герашчанка лічыць, што выпадкі, калі беларускамоўныя людзі прэтэндуюць на абслугоўванне па-беларуску ці хаця б разумення іхных зваротаў, павінны “трапляць у сферу ўвагі КДБ і МУС”. А лінгвістам, на ягоную думку, трэба “вярнуць у беларускую мову нармальныя словы, якія будуць вымаўляцца трошкі інакш, чымсьці ў Расеі – з цвёрдым беларускім “а” – “наскі”, “чай”.
Яшчэ са школьнага курсу беларускай (а таксама і расейскай) мовы агульнавядома, што галосныя гукі не бываюць цвёрдымі або мяккімі – гэтыя якасці ўласцівыя толькі зычным гукам. Але выпускніка школы №1 у Гарадку і хіміка-біялагічнага факультэта віцебскага педінстытута імя С.М.Кірава гэта не бянтэжыць: ён павучае навукоўцаў, што рэфармаванне беларускай мовы дапамога “пазбегнуць правакацый і непатрэбнага напружання ў грамадстве”.
Андрэй Герашчанка даўно вядомы сваімі антыбеларускімі выказваннямі і адкрытай прапагандай прарасейскіх настрояў. Ён з’яўляецца кіраўніком Віцебскага грамадскага аб’яднання “Рускі дом”, якое прапагандуе расейскую мову і культуру “дзеля сяброўства расейскага і беларускага народаў”, паводле сайта арганізацыі. Сябе ён называе “беларускім пісьменнікам”(Андрэй Герашчанка – сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі), некалькі гадоў ён быў рэдакатарам газеты “Наше православие”, якая атрымала папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі за заклікі браць удзел у вайне на Украіне. Пэўны час Андрэй Герашчанка працаваў у адным з райвыканкамаў Віцебска, але быў звольнены пасля шэрагу публічных абразлівых выказванняў у бок беларускай нацыі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск