Кіраўнік СК: Справа „Белага легіёна” спыненая
Іван Наскевіч
Крымінальная справа аб стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання (так званая справа „Белага легіёна”) спыненая, паведаміў журналістам у Магілёве старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч.
„Папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе скончанае. 27 лістапада следчым прынятае рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў па справе і спыненні самога расследавання крымінальнай справы. Мы лічым, што ў гэтай справе пастаўленая кропка. Крымінальная справа накіраваная пракурору для вывучэння і ацэнкі законнасці прынятага рашэння. Усе фігуранты па справе цяпер пачалі азнаямленне з пастановай аб спыненні і з матэрыяламі справы па іх хадайніцтвах„, — распавёў кіраўнік Следчага камітэта, які правядзе сёння ў Магілёве асабісты прыём грамадзян у будынку заводакіраўніцтва ААТ „Магілёўхімвалакно”.
У сакавіку гэтага года, за некалькі дзён да апазіцыйнай акцыі з нагоды Дня Волі, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра „баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй”. КДБ паведаміў пра распачынанне крымінальнай справы па факце падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба „Белы легіён” (арганізацыя спыніла дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба „Патрыёт” і не зарэгістраванага ў Беларусі „Маладога фронту”. Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, хатні арышт). Большай частцы абвінавачаных было выстаўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання).
У сярэдзіне чэрвеня стала вядома, што КДБ закрыў крымінальную справу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання перадаў у Следчы камітэт. З 28 па 30 чэрвеня ўсе фігуранты справы былі адпушчаныя з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе. БелаПАН