Кіраўнік Слонімскага раёна звярнуўся ў пракуратуру
Старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч абвяргае інфармацыю, што яго і жонку супрацоўнікі ДАІ заўважылі ў нецвярозым стане.
Паведамленне аб затрыманні Хоміча апублікаваў у тэлеграм-канале блогер Nexta. Паводле яго слоў, чыноўніка заўважылі п’яным двойчы.
„Паколькі даішнікі былі свае, мясцовыя, справе так і не далі ход. Аднак зусім хутка нецвярозай вырашыла пракаціцца яго жонка: яе спынілі ўжо супрацоўнікі спецпадраздзялення ДАІ „Страла” з Гродна. Кабета пачала лямантаваць: „Вы не разумееце, каго спынілі! „І набіраць па тэлефоне мужа. Які тут жа прымчаўся на разборкі… таксама „цёпленькі”, — піша Nexta.
Аднак у рэгіянальнай Дзяржаўтаінспекцыі звестак аб затрыманні Хоміча няма. „Дзяржаўтаінспекцыя не валодае якой-небудзь інфармацыяй аб фактах затрымання і прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці старшыні Слонімскага райвыканкама і яго сваякоў. Акрамя гэтага, старшыня Слонімскага райвыканкама і яго жонка звярнуліся з заявамі ў пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку па факце не адпаведнага рэчаіснасці паведамлення ў сетцы інтэрнэт”, — паведамілі БелаПАН ва УДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама.
belapan.by
Фота .gs.by