Кіраўніка ІТ-кампаніі «Aivitam» арыштавалі на 15 сутак
Агулам за снежань сілавікі затрымалі як мінімум 5 прадстаўнікоў ключавых ІТ-кампаній, што працуюць у Беларусі.

Паводле інфармацыі праваабарончага рэсурса spiski.live, інвестар і дырэктар кампаніі «Aivitam» Дзмітрый Досаў асуджаны на 15 сутак. Суд адбыўся 13 снежня. За што менавіта судзілі бізнесмена і дзе ён адбывае пакаранне на гэты момант, невядома.
Толькі з 1 снежня сілавікі затрымалі як мінімум 5 топ-менеджараў і іншых заўважных прадстаўнікоў ІТ-кампаній: Дзяніса Насуру («EPAM»), Глеба Скуратава («Oxagile»), Дзмітрыя Плашчынскага (сузаснавальніка і распрацоўшчыка «WiFi Map»), Андрэя Швыдрыка («EPAM»), піша dev.by.
15 снежня, нагадвае «Свабода», падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць Лукашэнка абазначыў праціўнікаў, нелаяльных уладзе: «На прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці ў нас заўсёды былі праблемы. Айцішнікі і іпэшнікі ў вас таксама ёсць… Каб не адбылося гэтага і цяпер і каб нам не прыйшлося зноў па вуліцах з аўтаматамі бегаць».
