Кіраўніка прафсаюзу РЭП не выпусцілі за мяжу
Кіраўніку прафсаюзу працоўных Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзю Фядынічу не дазволілі паехаць на канферэнцыю Міжнароднай арганізацыі працы ў Жэневе, хаця ён быў уключаны ў склад дэлегацыі глабальнага прафсаюзу IndustriALL.
Выезд не дазволіў Следчы камітэт, таму што Генадзь Фядыніч з’яўляецца абвінавачваемым па крымінальнай справе аб ухіленні ад падаткаабкладання ў асабліва буйных памерах:
– IndustriALL звяртаўся да МЗС, да Следчага камітэта, да Адміністрацыі прэзідэнта, каб мяне туды выпусцілі, гарантыі, што вярнуся назад, куды ж я падзенуся. Атрымалі адмову, якая там матывіроўка я не чытаў, можа пазней мяне пазнаёмяць нашы калегі. Як чыноўнікі кажуць, выпусціць – гэта кепска, і не выпусціць таксама кепска. Ім усё кепска ў гэтым плане.
Кіраўнік прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар Ігар Комлік абвінавачваюцца па частцы 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Ім пагражае абмежаванне волі да 5 гадоў ці пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці. Сваёй віны лідары прафсаюзу РЭП не прызнаюць і лічаць справу палітычна матываванай.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск