Кіраўнікоў хрысціянскіх канфесій заклікаюць выступіць у абарону Курапатаў



Абаронцы Курапатаў звярнуліся да кіраўнікоў асноўных хрысціянскіх канфесій Беларусі з заклікам выступіць у абарону народнага мемарыяла, створанага на месцы масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы пад Менскам. Тэкст дакументаў, разасланых у цэрквы 26 ліпеня, апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Звароты накіравалі кіраўніку Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы мітрапаліту Паўлу, старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліту Менска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, біскупу Аб’яднанай царквы хрысціян веры евангельскай Сяргею Цвору, біскупу Аб’яднання суполак хрысціян поўнага Евангелля ў Беларусі Леаніду Вараненку і старшыні Саюза Евангельскіх хрысціян-баптыстаў біскупу Леаніду Міховічу.

У дакуменце актывісты адзначылі, што на пачатку чэрвеня „ў ахоўнай зоне найбуйнейшага беларускага нацыянальнага некропаля Курапаты, дзе сталінскі рэжым у 1937—1941 гадах расстраляў, па розных ацэнках, ад 30 да 250 тысячаў нявінных людзей, з дазволу ўладаў адкрыўся рэстаранна-забаўляльны комплекс „Поедем поедим”. Яны падкрэслілі, што Курапаты — „адзін з самых вялікіх у Еўропе і свеце могільнікаў ахвяр таталітарных рэжымаў”, які стаіць у адным шэрагу з „Асвенцімам, Майданэкам, Катынню”.

„Мы звяртаемся да вас з заклікам выступіць супраць адкрыцця рэстаранна-забаўляльнага комплексу ў Курапатах і памаліцца каля курапацкіх крыжоў. Нацыянальны некропаль Курапаты — гэта сімвал пакут нашага народа, месца, у шанаванні якога выяўляецца мараль і грамадства ў цэлым, і кожнага грамадзяніна у асобнасці. Мы спадзяемся пачуць ваш голас у абарону Курапатаў, дзе кроў ахвяр бязбожнага камуністычнага рэжыму дагэтуль кліча да Госпада”, — гаворыцца ў дакуменце.

Падобныя звароты 27 ліпеня абаронцы Курапатаў плануюць накіраваць кіраўнікам мусульманскіх і яўрэйскіх суполак у Беларусі.

БелаПАН