Кіраўніцтва БДУ заклікаюць устрымацца ад ціску на студэнтаў
Незалежныя студэнцкія арганізацыі выступілі з заявай, у якой заклікаюць адміністрацыю БДУ і Міністэрства адукацыі праявіць прыхільнасць акадэмічным свабодам і ўстрымацца ад любых дысцыплінарных пакаранняў студэнтаў-актывістаў.
Заява прынята кампаніяй па маніторынгу ціску на студэнтаў «Student Watch», у якую ўваходзяць «Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятыў», «Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання», Моладзевая прафсаюзная група «Студэнцкая Рада» і «Задзiночанне беларускiх студэнтаў”. У заяве адзначаецца, што 3 снежня адміністрацыя філалагічнага факультэта БДУ выклікала на камісію студэнта філалагічнага факультэта БДУ Глеба Вайкуле, які ўдзельнічаў у Маршы студэнтаў у Менску. «Афіцыйная прычына выкліку Глеба – наяўнасць пропускаў, аднак разглядаем гэта як ціск на студэнта з-за яго ўдзелу ў акцыі пратэсту. Незалежныя студэнцкія арганізацыі лічаць элементам ціску дысцыплінарныя спагнанні любога характару «дэ юрэ» за пропускі заняткаў, але «дэ факта» – за выказванне студэнтамі ўласнага меркавання і грамадскую актыўнасць у межах універсітэта,» – падкрэсліваецца ў заяве. Незалежныя студэнцкія арганізацыі маюць намер у рамках заяўленага раней маніторынгу збіраць, аналізаваць і публікаваць інфармацыю аб усіх фактах ціску на студэнтаў.
Беларускае Радыё Рацыя