Кіраўніцтва Мінздароўя правяло прэс-канферэнцыю
Міністэрства аховы здароўя Беларусі зладзіла 3 красавіка прэс-канферэнцыю. Колькі чалавек памерла ад каронавірусу ў нашай краіне за час эпідэміі распавядае намесніца міністра Алена Богдан:
– На сённяшні момант у нас дакладна пацверджаны і маюцца ў Міністэрстве аховы здароўя дакументы са сведчаннямі пра смерць на чатырох чалавек. Наступны збор інфармацыі ў нас будзе на 18.00. Толькі калі мы атрымаем на рукі копіі пасведчанняў пра смерці, толькі тады зможам заяўляць далей пра прычыну смерці нашых пацыентаў. Паверце, што мы ўсю інфармацыю перадаем у Нацыянальны статыстычны камітэт праз ЗАГСы.
Як паведамілі падчас прэс-канферэнцыі, колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 на 3 красавіка ў Беларусі складае 351.
Падчас справаздачы журналістам чыноўнікі запэўнілі, што ва ўсіх месцах масавага знаходжання людзей: крамах, школах, кінатэатрах, грамадскім транспарце і нават у салонах таксі штодня праводзяць дэзінфекцыю.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота БелаПАН
