Кіраўніцтва МУС адмовілася сустрэцца з прадстаўнікамі СМІ



Каля 50 журналістаў беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі сабраліся ў 18 гадзін 3 верасня каля галоўнага ўваходу ў будынак Міністэрства ўнутраных спраў на вуліцы Гарадскі Вал.

Галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава і генеральны дырэктар ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” Людміла Чэкіна зайшлі ўнутр, каб дамагчыся прыёму ў міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева ці каго-небудзь з яго намеснікаў. Мэта сустрэчы — абмеркаваць сітуацыю з затрыманнем 1 верасня на шэсці студэнтаў у Мінску шасці журналістаў tut.by, „Комсомольской правды” в Белоруссии” і інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

Праз дзесяць хвілін яны выйшлі, паведаміўшы, што прадстаўнікі міністэрства адмовіліся з імі сустракацца.

„Мы атрымалі чаканы адказ: ні міністр, ні яго намеснікі, ніхто са службовых асоб міністэрства не захацеў нас прыняць, — сказала Чэкіна. — Нам растлумачылі парадак запісу на асабісты прыём, які мы, зрэшты, паспрабавалі выкарыстаць ужо на мінулым тыдні, і нам было адмоўлена ў запісе на прыём з незразумелых падстаў. Нам растлумачылі парадак абскарджвання праз пракуратуру. Сказалі, што калі мы лічым, што дзеянні міліцыі, органаў унутраных спраў у адносінах да нашых журналістаў парушаюць заканадаўства, мы маем права абскардзіць гэтыя дзеянні ў пракуратуры, і, бясспрэчна, калі будуць выяўленыя такія факты, вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці”.

„Мы атрымалі стандартны адказ пра тое, што заканадаўства ў нашай краіне выконваецца, і калі мы лічым, што ёсць нейкія парушэнні, перавышэнні службовых паўнамоцтваў і гэтак далей, мы маем права звярнуцца ў пракуратуру”, — дадала яна. Чэкіна падкрэсліла, што зварот у пракуратуру абавязкова будзе, як і заява аб распачынанні крымінальных спраў па факце затрымання журналістаў.

Пасля гэтага журналісты tut.by разгарнулі плакаты з фотаздымкамі затрымання калег, надпісамі „Свабоду журналістам”, „Сінія камізэлькі — гэта не мішэнь”, „Прэса — гэта святое”. Апошні плакат зроблены на падставе ранейшага выказвання Караева „Прэса — гэта святое, іх чапаць нельга”.

З будынка МУС тут жа выйшлі міліцыянеры ў форме і папрасілі перайсці на супрацьлеглы бок вуліцы, журналісты так і зрабілі. Аўтамабілісты сігналілі ім у знак салідарнасці.

Праз некаторы час з будынка МУС выйшлі пяць супрацоўнікаў міліцыі ў форме і запатрабавалі ад журналістаў вызваліць тратуар і пешаходны пераход і прайсці на вуліцу Інтэрнацыянальную.

Калі журналісты збіраліся перайсці ў іншае месца, да фатографа tut.by Дзмітрыя Брушко падскочыў невядомы ў цывільным, пасадзіў яго ў легкавы аўтамабіль і з’ехаў.

Фотакарэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга, журналісты tut.by Надзея Калініна і Аляксей Суднікаў, супрацоўнікі „Комсомольской правды” в Белоруссии” Святаслаў Зоркі (Сяргей Шчогалеў), Мікіта Недаверкаў (Дубалека) і Марыя Эляшэвіч былі затрыманыя падчас асвятлення акцыі студэнтаў 1 верасня. Усе журналісты мелі пры сабе пасведчанні, былі візуальна абазначаныя як супрацоўнікі СМІ і выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Тым не менш іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, а некаторых — нават у тым, што яны каардынавалі дзеянні ўдзельнікаў акцыі.

Суд над прадстаўнікамі СМІ пачаўся 2 верасня па відэасувязі. Адміністрацыйныя справы былі накіраваныя на дапрацоўку, аднак журналістаў не адпусцілі — другую ноч яны правялі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Сёння дапрацаваныя справы ў суд так і не паступілі. З моманту затрымання журналістаў прайшло больш як двое сутак.

belapan.by

Фота з Фэйсбука Аляксандры Багуслаўская