Кіроўца Слонімскага аўтапарку падаў іск на мясцовую журналістку



У судзе Слонімскага раёна 16 красавіка адбудзецца суд па заяве аднаго з кіроўцаў Слонімскага аўтапарку № 3 да журналісткі “Газеты Слонімскай” Таццяны Плахеткі. Падтрымаць калегу прыедуць журналісты з Менска, а таксама слонімскія журналісты.

Падставай для звароту ў суд стала публікацыя “Раўнадушша палохае” у “ГС” №9 ад 4 лютага 2015 года за подпісам Таццяны Плахеткі.

^6AEC56F65AE1AA54719452217D9B7DE111602DC1A026E9D0E5^pimgpsh_fullsize_distr

У артыкуле журналістка апісвала сітуацыю з удзелам сваёй 7-гадовай дачкі: дзяўчынка ехала ў аўтобусе № 15 без бацькоў і не змагла выйсці на патрэбным прыпынку ля школы, дзе яе чакала маці, бо кіроўца на ім не спыніўся, як ехаў, так і паехаў да наступнага прыпынку. Па словах Таццяны, кіроўца таксама праігнараваў яе просьбу ператэлефанаваць, хаця яна перадала нумар тэлефона праз дыспетчара аўтапарка.

Дзіўна тое, што падобны іск павінна была падаць журналістка на кіроўцу, а не ён, які парушыў план свайго маршруту. Але на яго думку, у артыкуле журналістка распаўсюдзіла звесткі, «якія не ў поўнай меры адпавядаюць рэчаіснасці» і зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Ён сцвярджае, што ніякага нумару тэлефона яму не перадавалі і ніякага дзіцяці ў салоне аўтобуса ні ён, ні кандуктар не заўважылі. Ён бачыць сваю віну толькі ў тым, што не спыніўся на прыпынку, за што яму ўжо зрабілі заўвагу на працы.

Кіроўца хоча, каб суд абавязаў выданне абвергнуць звесткі пра тое, што ў салоне аўтобуса знаходзілася дзіця, «бо гэтая абставіна нічым не пацвярджаецца». Таксама ён дамагаецца, каб журналістка прынесла яму прабачэнні, выплаціла кампенсацыю маральных стратаў у памеры 5 млн. рублёў і пакрыла судовыя выдаткі (дзяржаўная пошліна ў памеры 540 тыс. рублёў).

Па словах слонімскай журналісткі, гэта проста супадзенне, што такая сітуацыя здарылася з журналісткай, якая паведаміла пра падобны ўчынак кіроўцы праз газету, хаця падобная сітуацыя магла б здарыцца з любым жыхаром Слоніма. Калі б кіроўца не парушаў свой маршрут, то нічога б не здарылася: мама, як дамовіліся, сустрэла б сваю дачку на тым прыпынку, дзе яна яе чакала. Але кіроўца аказаўся вінаватым, ды яшчэ падаў іск на журналістку. Цяпер усе кропкі над і вырашыць суд.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара