Кіроўца, які спрабаваў увезці ў РФ яблыкі, уцёк у РБ



Кіроўца на фуры падчас праверкі грузу ўцёк з Расеі ў Беларусь. Здарэнне адбылося 15 красавіка ў Пскоўскай вобласці.

мяжа

(Фота ria.ru)

З тэрыторыі Беларусі ў фітасанітарны кантрольны пункт вёскі Лабок Невельскага раёна прыехала фура з 19,45 тоны яблык. Расейцы заўважылі, што на грузе адсутнічала маркіроўка. Да таго ж, яны высветлілі, што адзнака на дакуменце аб праходжанні ў гэтым жа пункце фітасанітарнага кантролю была падробленая.

Як інфармуе РІА „Новости” са спасылкай на Рассельгаснагляд па Цвярской і Пскоўскай абласцях, кіроўца, пабачыўшы, што ў яго будуць праблемы, „развярнуў фуру і самавольна, не чакаючы рашэння пра далейшае перамяшчэнне партыі грузу, з’ехаў у Беларусь, пакінуўшы на кантрольным пункце ўсе дакументы на машыну”. Як можна меркаваць, расіяне перададуць матэрыялы пра здарэнне беларускім калегам.

Як вядома, Расея ў жніўні 2014 года ўвяла антысанкцыі ў дачыненні краін ЕЗ, быў абмежаваны імпарт прадуктаў. Пад забарону патрапілі гародніна, садавіна, мяса, каўбасы, рыба, малочная прадукцыя. Тым не менш, адпаведнымі расейскімі службамі фіксуюцца шматлікія спробы правозу гэтых тавараў па падробленых дакументах.