Кіроўцу з Гародні, які збіў дзвюх жанчын, чакае прымусовае лячэнне



Прысуд вынеслі 24 сакавіка ў Судзе Кастрычніцкага раёна. Нагадаем, што аварыя адбылася раніцай 9 верасня мінулага года. На скрыжаванні Лідская-Белуша хлопец не справіўся з кіраваннем, і на вялікай хуткасці вылецеў на ходнік, збіўшы дзвюх жанчын, адну – насмерць.

Паводле папярэдняй версіі, хлопец быў у стане наркатычнага ап’янення. Падставай для меркавання сталі яго неадэкватныя паводзіны. Экспертыза не выявіла наркотыкаў у арганізме, але дакладна сказаць, што іх не было, нельга: некаторыя віды хутка выводзяцца, а некаторыя пакуль не вывучаны. Пасля яму паставілі дыягназ “паранаідальная шызафрэнія”, таму ён не мог абараняць сябе ў судзе.

Прадстаўнікі кіроўцы – бацькі 19-гадовага Вадзіма – павінны выплаціць маральную кампенсацыю пацярпелым. Маці жанчыны, якая загінула, атрымае 90 мільёнаў рублёў, а пацярпелая з пералом копчыка – 40 мільёнаў рублёў. Маёмасць Вадзіма і бацькоў пойдзе на кампенсацыю, калі яна не будзе выплачана ў час.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня