КХП-БНФ падала заяўку на правядзенне шэсця ў Курапаты на Дзяды
Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ падала заяўку на правядзенне традыцыйнага шэсця ў Курапаты з нагоды дня памінання продкаў Дзяды.
Акцыю плануецца правесці 28 кастрычніка, паведаміў БелаПАН адказны сакратар арганізацыі Алесь Чахольскі.
„Яе правядзенне будзе традыцыйным”, — сказаў ён, не ўдакладняючы месца і час акцыі да афіцыйнага адказу ўладаў на заяўку.
Таксама на наступным тыдні партыя плануе падаць заяўку на правядзенне 4 лістапада традыцыйнага шэсця, а затым мітынгу ў Лошыцкім яры ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Беларускія католікі штогод адзначаюць Дзяды ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада. У адрозненне ад вясновай Радаўніцы, калі ўспамінаюць памерлых праваслаўныя, Дзяды не з’яўляюцца выхадным днём. Варта адзначыць, што 2 лістапада быў непрацоўным днём з моманту абвяшчэння незалежнасці Беларусі, але ў 1996 годзе яго прыбралі са спіса выхадных.
belapan.by