КХП-БНФ патрабавала вываду расейскіх войскаў (абноўлена)
У Менску адбыўся мітынг супраць расейскай ваеннай пагрозы. Яго арганізавала Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ. Мерапрыемства было дазволена гарвыканкамам у скверы на бульвары Шаўчэнкі каля кінатэатра „Кіеў”, далёка ад цэнтру горада.
У мітынгу прынялі удзел каля 50 чалавек, якія трымалі лозунгі і бел-чырвона-белыя сцягі.
Па словах аднаго з кіраўнікоў Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ, былога дэпутата Вярхоўнага Савету 12 склікання Сяргея Папкова, памылкова думаць, што з завяршэннем вучэнняў „Захад – 2017” знікла пагроза ўцягвання Беларусі ў расейскія войны.
– Масква ўжо падрыхтавана для захопу і Украіны, і Беларусі. Ім перашкаджае сёння толькі міжнародныя сітуацыя. Але яны рыхтуюць гэтую сітуацыю. І як толькі ў іх атрымаецца ўцягнуць Захад і ЗША ў вайсковы канфлікт дзе-небудзь у Паўночнай Карэі, ці на Бліжнім Усходзе, ці ўтварыць канфлікт у самой Еўропе, яны адразу распачнуць вырашэнне пастаўленай перад імі задачы.
А гэта задача, як сказаў Сяргей Папкоў, каб раз’яднаны, па меркаванню Крамля, народ аб’яднаць. Ці іншымі словамі, захапіць Беларусь і Украіну. Таму трэба арганізоўвацца, аб’ядноўвацца, тлумачыць людзм небяспеку сітуацыі і гульняў цяперашняй беларускай улады з Расеяй, – сказаў Сяргей Папкоў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
***
Удзельнікі мітынгу апазіцыі, праведзенага Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ 3 кастрычніка ў сталічным Кіеўскім скверы, заклікалі патрыётаў Беларусі арганізоўвацца, рыхтавацца абараняць Айчыну і даць „адпор маскоўскаму агрэсару і распальніку вайны”.
У рэзалюцыі, прынятай удзельнікамі акцыі, адзначаецца важная пратэставая роля актыўнай часткі беларускага грамадства, а таксама антырасейская пазіцыя міжнароднай супольнасці ў сувязі з „агрэсіўнымі задумамі ваенных манеўраў „Захад-2017”.
„Мы лічым, што актыўная крытычная і пратэставая пазіцыя палітыкаў і грамадзян адыгралі станоўчую ролю ў развіцці падзей”, — гаворыцца ў дакуменце.
Удзельнікі акцыі ацэньваюць цяперашняе становішча „расейскай ваеншчыны і пуцінскіх паводзін” як „стоенае чаканне і гатоўнасць да ўварвання ў Беларусь”.
„Як толькі Маскве ўдасца стварыць адпаведныя палітычныя ўмовы (напрыклад, уцягнуць Амерыку ў канфлікт з Паўночнай Карэяй), адразу можна будзе чакаць расейскай агрэсіі ў Еўропе”, — падкрэсліваецца ў рэзалюцыі ўдзельнікаў мітынгу.
Акцыя доўжылася прыкладна гадзіну, у ёй удзельнічала каля 40 чалавек.
У скверы сабралася прыкладна 40 чалавек, у тым ліку намеснік старшыні партыі Сяргей Папкоў і лідар руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык. Яны трымаюць каля 10 бел-чырвона-белых сцягоў і транспаранты з надпісамі „Абаронім Беларусь ад расейскага імперыялізму” і „Расея — гэта вайна”. За тым, што адбываецца, назіраюць супрацоўнікі сілавых структур у форме і ў цывільным. Яны вядуць відэаздымку.
КХП-БНФ падала ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне ў скверы каля кінатэатра „Кіеў” мітынгу пад дэвізам „Свабодная Беларусь” 14 верасня. Мэта акцыі — выказаць пратэст у сувязі з магчымым знаходжаннем расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, якія павінны быць выведзеныя пасля правядзення вучэнняў „Захад-2017”.
Зянон Пазняк, лідар КХП-БНФ, які знаходзіцца ў эміграцыі, заклікаў сваіх паплечнікаў у Беларусі рыхтавацца да мітынгу і актыўна распаўсюджваць інфармацыю аб ваенных вучэннях. „У гэты час вельмі важна арганізаваць у розных гарадах прыняцце прысягі на вернасць Беларусі. Метады могуць быць рознымі. Нават у форме малітвы ў святых мясцінах, перад помнікамі і крыжамі, перад касцёламі і цэрквамі. Рабіць усё гэта трэба спантанна”, — гаварылася ў звароце Пазняка, размешчаным на сайце партыі.
Міністэрства абароны Беларусі 29 верасня паведаміла, што апошні чыгуначны эшалон з асабовым складам і ваеннай тэхнікай Узброеных сіл Расеі, якія бралі ўдзел у сумесных стратэгічных беларуска-расійскіх вучэннях „Захад-2017”, з’ехаў з Беларусі ў Расею ўвечары 28 верасня.
Папярэдняя акцыя КХП-БНФ супраць беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017” адбылася 8 верасня ў тым жа месцы і таксама была санкцыянаваная сталічнымі ўладамі.
belapan.by