КХП-БНФ правядзе сваю акцыю з нагоды гадавіны Слуцкага паўстання



Менскі абласны выканкам дазволіў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ правесці 25 лістапада акцыю з нагоды 98-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну.

Як паведаміў БелаПАН выканаўца абавязкаў старшыні арганізацыі ў Беларусі Юрась Беленькі, мерапрыемства пачнецца з мітынгу (з 11.00 да 11.40) у вёсцы Грозава, затым яго ўдзельнікі перамесцяцца ў Семежава, дзе таксама пройдзе мітынг (з 12.00 да 13.00). Пасля гэтага акцыя працягнецца (з 13.30 да 14.30) у Чырвонай Слабадзе (былая Вызна). Фінальным мерапрыемствам стане мітынг у Слуцку (з 15.00 да 16.00).

Як паведамлялася, 24 лістапада ў Слуцку пройдзе яшчэ адна акцыя, прысвечаная гадавіне паўстання. Яе арганізатарамі выступілі намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сябар Партыі БНФ Павел Батуеў, сябар Партыі БНФ і каардынатар руху „За Свабоду” па Менскай вобласці Віталь Амяльковіч і прадстаўнік руху салідарнасці „Разам” Генадзь Драздоў. Удзельнікі мерапрыемства збяруцца ў 11.00 каля гарадскога стадыёна (вул. Віленская, 14), пройдуць да гарадскога парку, у якім з 11.45 да 12.30 пройдзе мітынг.

Слуцкае паўстанне 1920 года было спробай абароны незалежнасці Беларусі. На працягу месяца, у лістападзе—снежні, ваенныя атрады, сфарміраваныя на Случчыне пераважна з мясцовых вяскоўцаў, аказвалі супраціўленне войскам Саветаў.

belapan.by