Класкоўскі: Беларускі каляндар прасякнуты „савецкім нафталінам”
У Беларусі сёння – Дзень друку, афіцыйнае свята, што засталося ў спадчыну ад савецкага саюза. Дата 5 траўня звязана з выхадам першага нумара газеты „Правда” ў 1912 годзе, а свята ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1996 годзе.
Беларусь – адзіная краіна постсавецкай прасторы, якая адзначае Дзень друку 5 траўня, як і калісьці адзначаўся – „День советской печати”.
Настальгія па савецкіх святах у Аляксандра Лукашэнкі выкліканая ў першую чаргу адсутнасцю сваёй ідэалогіі – заўважае медыя-эксперт Аляксандр Класкоўскі. Паводле якога беларускі каляндар прасякнуты яшчэ „савецкім нафталінам”:
– Ён адлюстроўвае замшэлую ідэалогію беларускіх уладаў, а дакладней проста адсутнасць нейкай арыгінальнай уласнай ідэалогіі. Аляксандр Лукашэнка сам прызнаваўся, што ён шмат патраціў намаганняў, каб нейкія набліжаныя да яго светлыя розумы генеравалі такую ідэалогію, але так і не атрымалася, нічога на душу не лягло, як ён у выніку мусіў канстатаваць.
З нагоды Дня друку – міністр інфармацыі Лілія Ананіч павіншавала работнікаў медыя і нагадала, што роля СМІ ў сучасным свеце не проста значная, а каласальная. Паводле чыноўніцы журналісты садзейнічаюць пашырэнню ў грамадстве высокіх ідэалаў стварэння, дабра і справядлівасці.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя