«Клікні, каб памаліцца» з папам Францішкам



Святы Айцец стварыў профіль у малітоўнай сацыяльнай сетцы Click to pray (англ. «Клікні, каб памаліцца») і падчас малітвы «Анёл Панскі» 20 студзеня заклікаў вернікаў далучыцца да гэтай ініцыятывы.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, Папа распавёў, што на гэтым тыдні будзе абнародавана пасланне на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі, у якім сёлета будзе прадстаўлена «разважанне аб сеткавых суполках і чалавечай супольнасці».

«Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі — гэта рэсурс нашага часу, магчымасць быць у кантакце з іншымі, каб дзяліцца каштоўнасцямі і задумамі, каб выражаць жаданне стварэння супольнасці. Сеціва можа дапамагчы нам таксама маліцца разам»,— адзначыў Пантыфік.

У сувязі з гэтым ён прадставіў афіцыйную платформу сусветнай сеткі малітвы Папы пад назвай Click to pray. На ёй будуць размяшчацца малітоўныя інтэнцыі і просьбы Святога Айца.

«Запрашаю перадусім моладзь спампаваць дадатак Click To Pray, працягваючы маліцца разам са мной Ружанец у інтэнцыі міру, асабліва падчас Сусветных дзён моладзі ў Панаме»,— заклікаў папа Францішак.

Малітоўны дадатак Click To Pray даступны як для сістэмы Android, так і для iOS. У ім тры галоўныя раздзелы. Першы, які называецца «Маліся з Папам», утрымлівае штомесячныя малітоўныя інтэнцыі Святога Айца. Другі раздзел — «Маліся штодзённа» — пакліканы стымуляваць да штодзённай малітвы. Трэці пад назваю «Маліся ў сеціве» з’яўляецца прасторай, дзе карыстальнікі дадатку могуць размяшчаць свае малітоўныя просьбы, каб маліцца адно за аднаго.

catholic.by