Кліменцій Кожан: Я выпускнік Віленскага ўніверсітэта імя Зоські Верас



30 верасня – дзень народзінаў вядомай беларускай пісьменніцы Зоські Верас. Яна нарадзілася больш за 120 год таму і ўвайшла ў гісторыю Беларусі не толькі як паэтка, але і як актыўная грамадская дзяячка і перакладчыца. Дзякуючы ёй пабачыў свет першы зборнік вершаў вядомага беларускага паэта і драматурга з Шаркоўшчыны Міхася Машары. Яна вынесла з віленскай турмы “Лукішкі” яго рукапісы і выдала зборнік за свой кошт.

zoska-veras

Краязнаўца з Шаркоўшчыны Кліменцій Кожан займаецца вывучэннем творчасці гэтых вядомых людзей.  Ён ганарыцца тым, што асабіста быў знаёмы з імі, а асабліва з Зоськай Верас.

Кліменцій Кожан: Як мне наладзіць сувязь з Зоськай Верас захацелася, я напісаў ліст у Міністэрства ўнутраных спраў Літоўскай ССР і папрасіў даслаць мне адрас Людвікі Антонаўны Сівіцкай, па мужу – Войцік.

РР: Раскажыце, калі ласка, дзе Вы з Зоськай Верас пазнаёміліся.

Кліменцій Кожан: Я пазнаёміўся з ёй у самой Вільні, але спачатку завочна пазнаёміўся з яе зяцем Лявонам Антонавічам Луцкевічам, які сустрэў пазней мяне ў Вільні і правёў ляснымі сцежкамі да яе лясной хаткі. Там мы і пазнаёміліся з Зоськай Верас. Было гэта ў студзені, у час зімовых канікул 1983 года.

РР: Якія першыя ўражанні ад знаёмства з гэтай жанчынай?

Кліменцій Кожан: Пры знаёмстве кінуліся адразу яе вялікі розум і цікавасць да жыцця, людзей і прыроды. Яна і сама задавала пытанні: як ідзе жыццё ў нашай вёсцы, з якімі пісьменнікамі я знаёмы. Сама расказвала пра тых пісьменнікаў, якіх добра ведала, пыталася ў мяне, ці ведаю іх я, што чытаў. Вось так і завязвалася ў нас з ёй гутарка.

Цягам амаль 10 гадоў я прыязджаў у Вільню ў час свайго летняга адпачынку і збіраў матэрыялы, гісторыі свайго раёна ў архівах і бібліятэках Вільні. Зоська Верас і яе зяць дапамагалі мне арыентавацца і ў самім горадзе, і ў бібліятэках, і ў архівах. Многія матэрыялы я знаходзіў у іх дома, бо яна вяла вялікую перапіску з рознымі беларускімі пісьменнікамі, паэтамі, мастакамі. Пра ўсіх яна імкнулася расказаць мне, пазнаёміць з імі. За гэта я ёй вельмі ўдзячны.

РР: А як паўплывала Зоська Верас менавіта на Вас?

Кліменцій Кожан: Калі адказаць каротка на гэтае пытанне, то яна фактычна пазнаёміла мяне з усімі мала вядомымі ці забытымі беларускімі дзеячамі, пісьменнікамі, якіх я у свой час і не ведаў. А калі нават ведаў, то вельмі мала. Я заканчваў аддзяленне расейскай мовы і літаратуры БДУ, дзе беларуская літаратура выкладалася вельмі сціпла, мабыць, на ўзроўні сярэдняй школы. Таму за 10 гадоў, прыязджаючы ў Вільню і будучы ў Зоські Верас і яе зяця недзе каля 40 разоў, я лічыў, што скончыў Віленскі ўніверсітэт імя Зоські Верас.

Зоська Верас – Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік – не дажыла да свайго стагоддзя адзін год. Яна памерла ў 1991 годзе ў Вільні і пахаваная на Панарскіх могілках.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя