Кляшчы за месяц пакусалі больш за 700 чалавек
На Берасцейшчыне за жнівень 715 чалавек, з якіх 197 дзяцей, сталі ахвярамі кляшчоў. У вобласці лясны крывасмок актывізаваўся ня толькі па-за межамі населеных кропак, але і ў парках, скверах гарадоў.
Шмат праблем у тым, што ў большасці грамадзяне спрабуюць самі пазбавіцца ад кляшча і робяць гэта няправільна, – адзначае лабарант санітарнай службы Пінска Надзея Яхімчук:
– Аптымальна даставаць кляшча ніткай, выкручваючы яго супраць гадзіннай стрэлкі ці прамым або выгнутым пінцэтам. Такім чынам вы кляшча не разарвяце і дастанеце яго цалкам. Канешне, ёсць розныя народныя сродкі, але іх не трэба выкарыстоўваць, напрыклад, алей ці спірт на тым участку, дзе цябе ўкусіў клешч. Таму што і ў гэтым выпадку можна пашкодзіць кляшча і дастаць няпоўнасцю і частка кляшча застанецца ў скуры і будзе інфікаваць вас далей.
Ад красавіка штомесяц Берасцейскі абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі праводзіць аналіз лясных крывасмокаў. У адпаведнасці з даследаваннямі 43% кляшчоў у вобласці з’яўляюцца носьбітамі небяспечных вірусаў.
Беларускае Радыё Рацыя