Кніга “Месца расстрэлу: Ворша” стала бестселерам
Кніга “Месца расстрэлу: Ворша” з’явілася для вольнай запампоўкі на сайце «Беларускага дакументацыйнага цэнтра». Кніга даступная па спасылцы bydc.info.
Мемарыяльны знак на Кабыляцкай гары – адным з месцаў расстрэлаў у Воршы.
«Я абсалютна не разлічваў, што кніга стане бестселерам, – гаворыць укладальнік кнігі, архівіст і был палітвязень Зміцер Дрозд, – Але за чатыры дні яе спампавалі 400 чалавек. І гэта нечакана высокі вынік. Акрамя таго, кнігу заўважыў знакаміты на постсавецкай прасторы майстра размоўнага жанру Яфім Шыфрын. Бацька Шыфрына нарадзіўся ў Беларусі, у горадзе Дрыбіне, а ў 1937 годзе быў арыштаваны ў Воршы. На шчасце, ён выжыў і пакінуў цудоўныя па сваёй сумленнасці і вельмі цяжкія для чытання мемуары. У тым ліку і пра злачынствы Аршанскага НКУС, і пра тое, што адбывалася ў турме Воршы. У кнізе я неаднаразова цытую гэты важны дакумент. Я спадзяюся, што Яфім Шыфрын скарыстаецца магчымасцю і сваім правам: азнаёміцца са справай свайго бацькі, якая захоўваецца ў КДБ Віцебскай вобласці. Тэма доступу да архіваў КДБ – да гэтага часу вельмі балючая, як для Беларусі, так і для Расеі. Але сітуацыя ў нас ужо горш, чым ва ўсіх нашых суседзяў. І такія зоркі маглі бы прыцягнуць увагу да тэмы рэпрэсій. Акрамя таго, мне здаецца, што падобныя кнігі – гэта велізарны папрок цяперашняй уладзе. Мартыралог мусіць стварацца на дзяржаўным узроўні, дзяржаўнымі даследчыкамі, за дзяржаўныя грошы. Тады мы маглі бы атрымаць спісы на аснове базы дадзеных рэпрэсаваных (усяго ў базе – каля 180.000 чалавек), якая да гэтага часу таксама недаступная даследчыкам! Абсурдна, бо першапачаткова яна стваралася для публікацыі ў СМІ – што і адбывалася калісьці даўно. Гэта стаўленне да ахвяраў рэпрэсій – як да нейкіх ахвяраў другога гатунку, на жаль, характэрна для рэжыму Лукашэнкі ўжо больш за 20 гадоў. Пакуль жа толькі асобныя актывісты і грамадскія ініцыятывы, напрыклад, такія як «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» змагаюцца за памяць пра сотні тысячах нявінна рэпрэсаваных. Спадзяюся, што падобныя спісы па ўсіх месцах расстрэлаў – толькі ўжо найбольш поўныя – з’явяцца ў бліжэйшыя гады. Няма нічога больш прыкрага для нас, нашчадкаў, чым помнікі «невядомаму рэпрэсаванаму».
Беларускае Радыё Рацыя