Бізун без перніка для прыёмнай сям’і



Агульныя праблемы прыёмных сем’яў і канкрэтная справа сям’і Ірыны Моцнай з Клімавіцкага раёну Магілёўскай вобласці, над якой мясцовыя ўлады жорстка расправіліся, былі абмеркаваныя ў Менску на адмысловым „круглым стале”. Па словах сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, заканадаўства Беларусі ў сферы прыёмных сям’яў недасканалае. Яно не абараняе грамадзянаў ад свавольства чыноўнікаў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Павел Севярынец: Сямейнае заканадаўства Беларусі дае магчымасць літаральна распраўляцца з прыёмнымі сем’ямі, якія абараняюць свае правы і патрабуюць належнае для іх. Такія факты асабліва характэрны для невялікіх раённых гарадоў. Гэта дзясяткі выпадкаў. Практычна кожная прыёмная сям’я ў Беларусі сутыкаецца з велізарнымі праблемамі. Вельмі шмат хто зараз адмаўляецца браць прыёмных дзяцей з-за такой жахлівай сітуацыі.

У выпадку Ірыны Моцнай гэта ўвогуле прыклад тэрору на раённым узроўні, калі квітнеючую сям’ю з прыёмнымі дзецьмі літаральна разграмілі, разагналі, адабралі дом. Яе родныя дзеці разбегліся, прыёмныя былі ўзятыя ў дзіцячы прытулак. Матулю пасадзілі, – для таго, каб астатнія прыёмныя сем’і не падымалі свой голас. Таму мы, па-першае, абмеркавалі на „круглым стале”, як дапамагчы Ірыне Моцнай і яе сям’і. А па-другое, разгледзелі праўкі ў сямейнае заканадаўства. У ім ёсць істотныя прабелы, якімі карыстаюцца чыноўнікі, бюракраты, якія распраўляюцца з незаўгоднымі прыёмнымі сем’ямі. І таму, думаю, што праз месяц мы будзем мець праўкі, сфармулявыныя ў выглядзе прапановаў да Кодэксу „Аб шлюбе і сям’і”. Мы будзем мець падпісны аркуш, які праз цэрквы, праз беларускую грамадскасць, праз міжнародныя арганізацыі і прэсу будзе шырока распаўсюджаны. Ён накіраваны на змяненне сямейнага заканадаўства ў Беларусі. Наша мэта – да траўня, калі адбудзецца саміт „Усходняга партнёрства” ў Рызе, дамагчыся зменаў у сямейнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Алена Кашына, юрыст: Я ўжо каля 20 гадоў гадую дзяцей, маю статус „замяшчаючай маці”. Зараз у мяне трое непаўнагодывых – з іх двое прыёмных. Так, праблемы ў заканадаўстве існуюць. Асноўная праблема ў тым, што на сённяшні момант для рэгулявання адносін з прыёмнымі бацькамі спрабуюць увязаць дзве розныя галіны права: працоўнае права і сямейнае права. У дадзеным выпадку гэта абсалютна розныя сферы. Ці гэта працоўныя адносіны, і тады няма апякунскіх, ці гэта нейкія сямейна-апякунскія адносіны. Таму і дамова павінна быць адной. Пакуль у нас дзве розныя дамовы, дзве розныя галіны правы, мы ні да чаго адзінага прыйсці не можам. І, акрамя гэтых галоўных несупадзенняў у самой сутнасці, самой мадэлі прыёмнай сям’і, якая ў Расейскай Федэрацыі, ва Украіне, Казахстане рэалізуецца зусім па-іншаму, у нас яшчэ на падзаконным узроўні само палажэнне аб прыёмнай сям’і, якоё ў новай рэдакцыі ўступіла ў дзеянне ў 2012 годзе, практычна ў кожным сваім пункце супярэчыць вышэйстаячым актам, то есць законам і ўказам прэзідэнта. Мы неаднаразова звярталі ўвагу міністэрстваў на гэтыя нестыкоўкі, але ніякіх рашэнняў і зменаў не прынята.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Леанід Скарабагаты, эксперт у пытаннях аховы дзяцінства: У 2007 годзе міністэрства адукацыі надрукавала рэкамендацыі аб тым, якія павінны быць прыёмныя сем’і. У гэтых рэкамендацыях было сказана, што прыёмныя бацькі для прыёмных дзяцей не бацька і маці, што не дазваляецца фарміраваць прывязаннасць паміж прыёмымі бацькамі і прыёмнымі дзецьмі, што няма такога абавязка ў прыёмных бацькоў – любіць дзяцей і многа іншых „цікавых” і экстравагантных прапановаў. Да гэтага бацькі не аднесліся сур’ёзна, думалі, што гэта проста, ну так, для смеху надрукавалі. Аказалася, што не для смеху. Навацыі пачалі ажыццяўляць. Пакуль міністрам адукацыі быў Аляксандр Радзькоў, гэтаму занадта сільна ходу не давалі. А вось з 2010 году, калі міністрам стаў Сяргей Маскевіч, навацыі пачалі актыўна „прасоўваць”. І чым далей гэтыя ідэі рухалі, тым больш яны не падабаліся прыёмным сем’ям. І чым больш непадабаліся, тым больш было недавольных, тым больш узмацняліся рэпрэсіі. Спачатку прыёмных бацькоў проста выклікалі на размову ў адміністрацыю. Пасля пачалі паказальна забіраць дзяцей. А пачынаючы з 2014 года пачалі ўзбуджаць крымінальныя справы супраць ці саміх прыёмных бацькоў, ці супраць іх родных дзяцей. Зараз ёсць як мінімум тры такія крымінальныя справы. Але я не ўпэўнены, што пра іх можна гаварыць. Дакументаў па справе Ірыны Моцнай я не бачыў. Але ў двух іншых я знаёмы з дакументамі, размаўляў з адміністрацыяй, быў на судах. І ні адной законнай падставы для адабрання дзяцей не было.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Алег Аксёнаў, кіраўнік аргакамітэту па стварэнню Партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” па Магілёўскай вобласці: З самага пачатку ў справе Ірыны Моцнай было бачна, што ўсё гэта не законныя дзеянні, а такія сродкі помсты. Калі я праверыў храналогію па часе, як адбываўся ціск на яе, то ўсё стала зразумела. Як толькі яна рабіла нейкі крок, падавала скаргу ў вышэйшую установу, так адразу ніжняя ўстанова, раённая, рабіла крок у адказ. Яна дамагалася, каб улады выконвалі свае абавязкі ў адносінах да гэтай сям’і. І калі яна патрабавала, каб мясцовыя ўлады выконвалі свае умовы, і па гэтых патрабаваннях пачаліся праверкі, яны пачалі помсціць ёй. Яна зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Магілёве. Адвакат падала скаргу на перагляд. Але ж вялікіх спадзяванняў мы не маем. Такога пакарання – 4 гады зняволення, ніхто не чакаў. Гэта ўзорна-паказальны прысуд для астатніх – глядзіце, што з вамі будзе, калі вы будзеце сябе так паводзіць. Так што сядзіце ціха, і нічога не рабіце, не рыпайцесь.

Вольга Кавалькова, кіраўнік аргкамітэту па стварэнню БХД па гораду Менску: Беларускія хрысціянскія дэмакраты даўно далучыліся да падтрымкі Ірыны Моцнай і яе сям’і, яшчэ калі толькі пачаўся прэсінг з боку чыноўнікаў. Але зараз яна асуджана. І таму трэба актывізаваць дзеянні. Зараз нашыя актывіты па Магілёўскай вобласці будуць збіраць подпісы пад зваротам аб падтрымцы Ірыны Моцнай, будуць падаваць заяўкі на пікеты. Таксама ў другіх рэгіёнах і ў тым ліку ў Менску мы прапрацуем зварот у падтрымку сям’і Ірыны Моцнай, будзем дасылаць паштоўкі ёй. Яе справа высветліла ўвесь узровень „беспредела” чыноўнікаў у адносінах грамадзянаў.

У такую бяду пры сённяшнім узроўне заканадаўства і законнасці ў Беларусі можа трапіць любая прыёмная сям’я, – лічыць Вольга Кавалькова.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя