Княгіня з роду Друцкіх-Любецкіх наведала Гародню і Шчучын



Нашчадак даўняга княскага роду Друцкіх-Любецкіх княгіня Элізабэт наведала Гародню і Шчучын. Амаль усё жыццё яна пражыла ў Бельгіі, а на Гарадзеншчыну прыехала ўпершыню. Апошні раз яе бацькі былі ў Заходняй Беларусі ў 1939, а Польшчу пакінулі ў 1944 годзе.

Княгіня Элізабэт распавяла пра цяжкі лёс у эміграцыі:

– Мае бацькі з’ехалі з Польшчы, яны мелі ўражанне, што іх народ перастаў існаваць. Яны не хацелі нават размаўляць на гэту тэму. Для нас гэта было вельмі цяжка, бо яны не хацелі адказваць на пытанні. Для іх гэта перастала існаваць, таму вельмі мала ведаю і спадзяюся, што шмат пра што даведаюся прыехаўшы сюды.

Яе візіт стаў магчымым дзякуючы дапамозе Генеральнага консульства Рэспублікі Польшчы ў Гародні і арганізатарам канферэнцыі пра слынных гарадзенцаў, якая праходзіць у дыпламатычным прадстаўніцтве штогод. Кажа Ірэна Валюсь з Саюза палякаў на Беларусі:

– У гэтым годзе мы запрасілі княгіню Друцкую-Любецкую, якая жыве ў Бруселі. Яна паходзіць з гэтага знакамітага роду, які так многа зрабіў для Гародні, для Шчучына, увогуле для Гарадзеншчыны. Яны займаліся дабрачыннай дзейнасцю і ўвогуле шмат чаго ім належала. Пражывалі ў былой каралеўскай летняй рэзідэнцыі Станіславава, якая ім належала.

Княгіня наведала Гародню і Шчучын, дзе пазнаёмілася з гістарычнай спадчынай сваёй сям’і. Вядома, што слынны род Друцкіх-Любецкіх мае паходжанне ад дынастыі Рурыкаў. Значная частка маёмасці князёў Друцкіх-Любецкіх таксама знаходзілася на Палессі.

Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук падчас сустрэчы падараваў княгіні сваю фундаментальную працу „Раман Скірмунт”, як напамін пра повязь гэтага роду, а таксама роду княгіні са сваёй зямлёй і сваім народам.

Беларускае Радыё Рацыя