Кола рэпрэсій працягвае круціцца
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пракаментаваў працэс над берасцейскім блогерам Сяргеем Пятрухіным.
Нагадаем, што 15 красавіка суд Ленінскага раёна Берасця працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да блогера Сяргея Пятрухіна, якога абвінавачваюць па ч.2 арт.188 («Паклёп») і ч.2 арт.189 («Абраза») Крымінальнага кодэкса.
Пракурор прасіў прызнаць Пятрухіна вінаватым і прызначыць па арт.188 КК штраф у памеры 100 базавых велічынь, па арт.189 КК – абмежаванне волі на 2 гады з накіраваннем і спагнанне шкоды на карысць пацярпелых.
Прысуд будзе абвешчаны 18 красавіка.
Віталь Рымашэўскі: Працэс над блогерам Пятрухіным, як і над іншымі берасцейскімі актывістамі, трэба разглядаць выключна ў кантэксце агульнага кола рэпрэсій, якое беларускія ўлады раскруцілі ў грамадстве за апошнія паўгода.
Ідзе ціск на незалежную прэсу, на блогераў па ўсёй краіне, якія падымаюць вострыя сацыяльныя тэмы. Працягваюцца рэпрэсіі і на палітычных актывістаў. Можна ўспомніць жорсткую рэакцыю ўладаў да некаторых удзельнікаў афіцыйна дазволенага святкавання Дня Волі ў Менску, калі затрымалі Зміцера Дашкевіча, мяне і майго брата выклікалі ў міліцыю. Дададзім сюды знос крыжоў у Курапатах.
Усё гэта – адна і тая ж стратэгія, мэта якой – знішчыць лідараў пратэсту альбо аказаць на іх ціск перад будучымі выбарамі. Натуральна, не патрэбны ўладам і незалежныя сродкі масавай камунікацыі.
РР: Працэс над блогерам – палітычная справа?
Віталь Рымашэўскі: Безумоўна, гэта акт палітычных рэпрэсій, такую інфармацыю мы і даносім да нашых заходніх партнёраў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя