Колькасць ахвяр COVID-19 у Беларусі ўзрасла да 16



У Беларусі ад COVID-19 памерла 16 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя на сваім афіцыйным інтэрнэт-рэсурсе для інфармавання насельніцтва па пытаннях каронавіруса.

Паводле звестак на 6 гадзін 9 красавіка шпіталізаваны 1.331 чалавек, ачуняла 139. Такім чынам, агульная колькасць пацверджаных выпадкаў інфікавання склала 1.486 (рост за суткі на 420 выпадкаў, або на 39,4%). Колькасць ахвяр днём раней была 13.

Праведзена „больш за 49 тыс.” тэстаў на каранавірус, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

7 красавіка на нарадзе аб сітуацыі з распаўсюджваннем каранавіруса Аляксандр Лукашэнка заявіў: „Мы будзем хварэць. Толькі пажадана, каб не было лавінападобнага скачка па захворванні, каб гэтая лінія прайшла як мага бліжэй да гарызанталі. Пакуль сістэма аховы здароўя з гэтым спраўляецца. У нас сёння 794 чалавекі шпіталізаваныя, 31 — на ШВЛ. Катастрофы абсалютна няма”.

„Кожны павінен займацца сваёй справай, без панікі, спакойна і прыгожа — сказаў афіцыйны лідар. — Мы павінны з вамі перамагчы прыгожа. Мы павінны выратаваць людзей годна. Кожны чалавек не павінен думаць, што ён туды трапіў з гэтым вірусам, што ён — смяротнік. Не, усіх выратуем, каго толькі можна. І вы для гэтага павінны зрабіць усё”.