Колькасць бедных у Беларусі павялічваецца
У Беларусі павялічылася колькасць бедных. Паводле апошніх дадзеных Белстата, пры выбарачным абследаванні хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, маламаёмаснымі былі 6% насельніцтва. Гэта значыць, за рысай беднасці знаходзяцца амаль 570 тысяч чалавек. Іх прыбыткі – ніжэй за бюджэт пражытковага мінімуму.
А ці заўважаюць павелічэнне бедных у Беларусі жыхары невялікіх гарадоў? Кажуць мінакі Глыбокага:
– Пенсіянеры жывуць за рысай беднасці. Усё даражэе, а пенсію ніхто не павялічвае. А калі і павялічваюць, то гэта нейкі здзек. Усё даражэе на 40%, а пенсію павялічваюць на 3%.
– Мы, пенсіянеры, атрымліваем сацыяльную дапамогу, а не пенсію. Усе жывуць вельмі бедна. Мы жывем, як жабракі. Я адпрацавала 40 гадоў і нікуды не магу выехаць. Гэта ж смешна!
– Мне здаецца, што ў большасці сярэдні дастатак. Бедных мы не сустракалі.
– Бедныя ёсць, таму што няма працы ў Беларусі. Прадпрыемствы стаяць, людзі не атрымліваюць заробкі па тры месяцы, а калі атрымліваюць, то ён не дацягвае да пражытковага мінімума.
Па дадзеных Белстата, за год колькасць маламаёмасных павялічылася ва ўсіх рэгіёнах, за выключэннем Магілёўскай вобласці. Найбольш іх налічваецца ў Берасцейскай вобласці, найменш – у Менску. У сталіцы гэты паказчык складае каля двух адсоткаў.
Для даведкі, пражытковы мінімум у Беларусі складае каля 200 беларускіх рублёў.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tv2.today