Колькасць беларускамоўных навучальных установаў катастрафічна змяншаецца



Пра гэта сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі. Ва ўстановах жа агульнай сярэдняй адукацыі ў 2020/2021 навучальным годзе на 949,2 тысячы вучняў рускамоўных школаў, прыходзілася 107,6 тысяч вучняў школаў беларускіх, а рэшта (1,2 тысячы) прыпадала на літоўскую і польскую мовы навучання. 

З года ў год беларускамоўная доля на фоне рускай змяншаецца і тэндэнцыі на паляпшэнне сітуацыі не праглядаецца. Кажуць настаўнікі ліквідаванай сёлета апошняй сярэдняй беларускамоўнай школы Камянеччыны ў вёсцы Амелянец:

– Нам, канешне, вельмі крыўдна за сваю школу. Столькі гадоў мы ў ёй папрацавалі!

– Бачыце, што здарылася за апошнія 100 год. Руская мова запаланіла ўсё. Уся інфармацыйна прастора, тэлебачанне прастрэльваецца наскрозь рускамоўнымі каналамі. Мне гэта не падабаецца.

Падобнай сітуацыя выглядае і ў сістэме дашкольнай адукацыі, дзе ў 2020/2021 навучальным годзе вучыліся па-беларуску 9% дзяцей, а рэшта ў 91% наведвала рускамоўныя групы. Доля беларускамоўнай адукацыі там таксама змяншаецца з года ў год.

Беларускае Радыё Рацыя