Колькасць людзей з інваліднасцю ў Беларусі працягвае расці
Колькасць інвалідаў у Беларусі працягвае расці, заявіў 1 снежня ў Менску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню інвалідаў Рэспублікі Беларусь (3 снежня), намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.
Паводле яго слоў, на 1 кастрычніка 2017 года ў краіне было 562,8 тыс. інвалідаў, у тым ліку 30,6 тыс. дзяцей да 18 гадоў.
Для параўнання, у лістападзе 2016 года ў Беларусі было 554,4 тыс. людзей з усімі катэгорыямі інваліднасці, з іх 29,5 тыс. дзяцей. На пачатак 2015 года на ўліку ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне стаяла 536,8 тыс. інвалідаў, у тым ліку 27,4 тыс. дзяцей.
„Сёння ў агульнай структуры насельніцтва інваліды складаюць 5,9%, — сказаў Румак. — Гэта невысокі ўзровень. Напрыклад, у Расіі ён значна вышэйшы — каля 9%”.
Аднак, адзначыў намеснік міністра, улічваючы, што ў канцы мінулага года ў Беларусі набыла моц Канвенцыя аб правах інвалідаў, быў распрацаваны і зацверджаны Нацыянальны план дзеянняў на 2017—2025 гады па рэалізацыі палажэнняў гэтага міжнароднага дакумента.
„У 2018 годзе нашым галоўным мерапрыемствам па забеспячэнні сацыяльнай падтрымкі інвалідаў стане падрыхтоўка комплекснага законапраекта, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у закон „Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”, законы „Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў”, „Аб архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці”, — сказаў Румак. — Гэта робіцца для таго, каб замацаваць новае для нас паняцце абілітацыя, разумнае прыстасаванне, універсальны дызайн. А таксама замацаваць у законе паняцце аб дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці і тым самым усталяваць нормы, якія дапамогуць абараняць людзей з інваліднасцю ад дыскрымінацыі ў любой сферы нашага жыцця”.
Пры гэтым намеснік міністра адзначыў, што ў нас ёсць і цяпер у законах нормы па абароне інвалідаў, але „выразна выражанага паняцця аб дыскрымінацыі няма”.
Румак таксама паведаміў, што кожны год у службу занятасці па садзейнічанне ў працаўладкаванні звяртаюцца каля 4,5 тыс. чалавек з інваліднасцю. „У нас больш за 180 тыс. інвалідаў працаздольнага ўзросту, і кожны трэці з іх працуе для таго, каб сябе рэалізаваць”, — сказаў ён. Румак адзначыў, што ў краіне ёсць шэраг механізмаў дзяржпадтрымкі інвалідаў у плане працаўладкавання. Напрыклад, наяўнасць броні на мясцовым выканаўчым і распарадчым узроўнях. БелаПАН