Колькасць хворых на цукровы дыябет узрасла ўдвая



Колькасць хворых на цукровы дыябет у Беларусі за 10 гадоў узрасла ў два разы, паведаміў 13 лістапада журналістам галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры эндакрыналогіі БелМАПА Віктар Валуевіч.

„Калі 10 гадоў таму ў Беларусі налічвалася 150 тыс. пацыентаў, хворых на цукровы дыябет, то на 1 студзеня гэтага года каля 320 тыс.”, – адзначыў Віктар Валуевіч. Прычым такі рост адбываецца за кошт дыябету другога тыпу.

Адзначаецца невялікі рост хворых на цукровы дыябет першага тыпу. „У Беларусі такіх пацыентаў крыху больш за 17 тыс. Асаблівай увагі заслугоўваюць хворыя на дыябет дзеці, якіх на 1 студзеня было 2 139 чалавек”, – дадаў галоўны пазаштатны эндакрынолаг.

Як падкрэсліла прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта Ала Шапялькевіч, важнае дасягненне, што цяпер дыябет другога тыпу стаў лячыцца ўрачамі агульнай практыкі. „Гэта вельмі значны момант. Усюды ў свеце ўрачом, які лечыць, з’яўляецца ўрач агульнай практыкі. І на сённяшні дзень важна, каб людзі разумелі, што ранняя дыягностыка гэтага захворвання можа праводзіцца ўрачом агульнай практыкі. Бо да вузкага спецыяліста, на жаль, чалавек трапляе на позніх стадыях развіцця захворвання”, – адзначыла яна.

Ала Шапялькевіч назвала асноўныя фактары рызыкі развіцця цукровага дыябету. У прыватнасці, гэта атлусценне, няправільнае харчаванне і маларухомы лад жыцця.

zviazda.by