Колькасць носьбітаў ВІЧ-інфекцыі ў Беларусі штогод расце



Колькасць носьбітаў ВІЧ-інфекцыі ў Беларусі штогод расце за кошт уразлівых груп, паведаміў БелаПАН намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы сталіцы, галоўны пазаштатны спецыяліст па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй Міністэрства аховы здароўя Алег Скрыпко.

За два апошнія гады колькасць ВІЧ-інфікаваных у краіне павялічылася з 17 да 19 тыс. чалавек. Паводле яго слоў, „асноўныя распаўсюднікі інфекцыі — „наркаспажыўцы і работнікі секс-індустрыі — групы, якія практычна ніяк не кантралююцца”.

„Удзельнікі секс-бізнесу — гэта вельмі закрытая група, падабрацца да яе вельмі складана. А з улікам таго, што гэтая дзейнасць пераследуецца праваахоўнымі органамі, яны хаваюць свае праблемы да апошняга, пакуль не трапляюць у бальніцы ў тэрмінальнай стадыі захворвання”, — распавёў Скрыпко.

Сярод агульнага насельніцтва колькасць ВІЧ-інфікаваных таксама расце, але нязначна, падкрэсліў ён. „Усё ж такі звычайныя людзі здаюць аналізы, абследуюцца. Кроў на ВІЧ хоць бы раз-два, а то і тры ў жыцці, напэўна, здае кожны чалавек, — адзначыў ён. — А ў гэтых групах вірус усплывае толькі тады, калі ў чалавека пачынаецца менінгіт, пнеўмацысная пнеўманія — захворванні, дзе ніяк нельга абысціся без медыцынскай дапамогі”.

Скрыпко падкрэсліў, што дзякуючы шырокай інфармацыйнай кампаніі прафілактыкі ВІЧ і СНІД, даступнасці ананімнага абследавання, тэстаў для саматэставання ў аптэках, у краіне атрымоўваецца стрымліваць рэзкі рост захворвання: „Калі б у нас не было ўсіх гэтых мерапрыемстваў, эпідэмія ВІЧ/СНІД у краіне не трымалася бы ў канцэнтраванай стадыі столькі гадоў. Яна даўно б перайшла ў генералізаваную — вышэйшую стадыю распаўсюджвання інфекцыі, як у некаторых краінах”.

У Беларусі, адзначыў ён, працэнт ВІЧ-інфікаваных у некалькі разоў ніжэйшы, чым у суседніх краінах. „Калі ў сярэднім па рэспубліцы ў нас 0,28% носьбітаў ВІЧ, то ў некаторых рэгіёнах Расіі даходзіць да двух працэнтаў. Ва Украіне гэты працэнт можа быць значна большы, ды і дакладнай статыстыкі там, напэўна, няма”, — распавёў ён.

Самая спрыяльная сітуацыя з ВІЧ/СНІД у краінах Заходняй Еўропы, адзначыў Скрыпко. „Там шырока працуюць прафілактычныя праграмы з групамі сэкс-індустрыі і наркаспажыўцоў. У некаторых краінах прастытуцыя легалізаваная, і як бы там ні было, а з пункту гледжання эпідэміялогіі гэта лепш, чым ніяк, — распавёў ён. — У нас таксама стараюцца працаваць на прафілактыку ва ўразлівых групах. Напрыклад, на аўтамабільных трасах. Гэта грамадскія арганізацыі, такія як „Пазітыўны рух”, Чырвоны Крыж. І міліцыя ім не перашкаджае”.

На думку прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя, для паспяховай працы з уразлівымі групамі, магчыма, патрэбныя нейкія змены ў заканадаўстве, каб гэтыя людзі маглі звяртацца па інфармацыю і меддапамогу, не баючыся патрапіць у праваахоўныя органы. „Мы лічбы агучваем, прапановы ўносім, а прымаць рашэнні павінен урад”, — сказаў на заканчэнне ён.

belapan.by