Колькасць ліквідаваных няўрадавых арганізацый у Беларусі перавысіла 200
У канцы жніўня колькасць некамерцыйных арганізацый, якія былі прымусова ліквідаваныя або ў дачыненні да якіх прынятае рашэнне аб прыпыненні дзейнасці, дасягнула 213. Такія звесткі прыведзеныя ў жнівеньскай справаздачы Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend), які сумесна з Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацыі (OEEC) вядзе спіс ліквідаваных НКА.
У справаздачы адзначаецца, што ў жніўні былі ліквідаваныя чатыры праваабарончыя ўстановы: сам Lawtrend, „Х’юман канстанта”, Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын і Офіс па правах людзей з інваліднасцю. У судовым парадку ліквідаваныя праваабарончыя грамадскія аб’яднанні „Беларускі ПЭН-цэнтр”, „Беларуская асацыяцыя журналістаў”, „Экадом”.
„Суды па ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў і фондаў самай рознай скіраванасці (спартыўных, сацыяльных, культурных, асветніцкіх, экалагічных і г.д.) у жніўні 2021 года праходзілі практычна па ўсёй краіне. Самым актыўным рэгіёнам у гэты перыяд часу для ліквідацыі рэгіянальных грамадскіх аб’яднанняў і фондаў выступіла Гродзенская вобласць”, — гаворыцца ў справаздачы.
Згодна са звесткамі Lawtrend, многія грамадскія аб’яднанні ліквідуюць на падставе прадпісанняў альбо службовых запісак праваахоўных органаў: ГУБАЗіК МУС, ДФР КДК і інш. Падставамі для ліквідацыі можа з’яўляцца „ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці арганізацыяй альбо яе кіраўніцтвам”. У шэрагу выпадкаў у судовых справах выкарыстоўваюць службовыя запіскі пад грыфам „для службовага карыстання” — гэтая інфармацыя недаступная арганізацыям, якія ліквідуюцца.
Сярод іншых падстаў для ліквідацыі аўтары справаздачы назвалі вынікі праверак аб’яднанняў і фондаў органамі рэгістравання. „Пры гэтым у аснову іскаў аб ліквідацыі кладуцца парушэнні грамадскімі аб’яднаннямі заканадаўства і сваіх статутаў, выяўленыя падчас праверак (а такімі парушэннямі могуць быць нязначная змена перыядычнасці склікання пасяджэнняў вышэйшага органа альбо нязначныя заўвагі па фінансавай справаздачнасці грамадскіх аб’яднанняў, якую яны абавязаныя размяшчаць штогод на сайтах у шырокім аб’ёме)”, — тлумачыцца ў дакуменце.
Таксама ў аснову іску можа быць пакладзенае несвоечасовае падаванне запытаных дакументаў, „што многія НКА не могуць зрабіць у сувязі з велізарным аб’ёмам запытанай інфармацыі і дакументацыі, кароткімі тэрмінамі іх падавання, а часта выманнем дакументаў праваахоўнымі органамі і немагчымасцю трапіць у офіс арганізацыі ў сувязі з апячатваннем”.
Установы, якія прымусова ліквідуюцца, часцей за ўсё атрымліваюць апавяшчэнне аб ліквідацыі „наогул без растлумачэння падстаў”. „Афіцыйнай падставай з’яўляецца „ажыццяўленне ўстановай дзейнасці, якая не адпавядае мэце і прадмету дзейнасці, указаных у статуце”. Аднак у чым выражаецца гэтая неадпаведнасць, у апавяшчэннях не расшыфроўваецца. На запыты аб даванні больш падрабязнай інфармацыі, як правіла, адказы таксама не даюцца”, — адзначылі ў Lawtrend.
Больш падрабязную інфармацыю аб падставах прымусовай ліквідацыі ўстаноў у некаторых выпадках паведамляе прэс-служба праваахоўных органаў. Сярод такіх падстаў: экстрэмісцкая дзейнасць; распаўсюджванне інфармацыі, якая супярэчыць нацыянальным інтарэсам; удзел кіраўніцтва арганізацыі ў пратэстных мерапрыемствах або выкарыстанне імі незарэгістраванай сімволікі.
Аўтары справаздачы падкрэсліваюць, што апошнім часам ад дзяржорганаў у НКА пачалі паступаць прапановы аб самаліквідацыі. „Пры гэтым такія „прапановы” паступаюць часцей за ўсё арганізацыям, якія ўзаемадзейнічаюць з мясцовымі органамі ўлады і рэалізуюць праекты замежнай бязвыплатнай або міжнароднай тэхнічнай дапамогі”, — гаворыцца ў дакуменце.
Пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, у сваю чаргу, апублікаваў справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека і выніках судовых пасяджэнняў у жніўні. Згодна з гэтым дакументам па палітычна матываваных крымінальных справах у мінулым месяцы было асуджана не менш за 136 чалавек, 22% з іх — жанчыны. Асуджаныя атрымалі ўвогуле 120 гадоў калоніі, 85,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і 93 гады — без накіравання.
Вядома пра затрыманне ў жніўні 209 чалавек. За месяц суды наклалі не менш як 29 штрафаў на 1.584 базавыя велічыні (прыблізна 52,5 тыс. рублёў) і не менш як 81 адміністрацыйны арышт агульнай працягласцю 1.248 сутак.
БелаПАН