Колькасць палітвязняў на Берасцейшчыне — 297 чалавек
Плюс два, але мінус тры. Колькасць палітвязняў з Берасцейшчыны склала 279 чалавек. Некалькі месяцаў яна застаецца прыкладна на адным і тым жа роўні.

Вядома, што на волю выйшла тры жыхары Берасця, якія былі асуджаныя за падзеі 2020 года, а менавіта за пратэсты 10 жніўня. Гэта Раман Паўленка, Павал Мазько і Вадзім Чэпелевіч. Раман Паўленка і Вадзім Чэпелевіч былі асуджаныя да трох гадоў зняволення, а Паўлу Мазько было прысуджана 3,5 гады калоніі. Усе палітвязні цалкам адбылі тэрмін.

А да спісу палітвязняў быў дададзены Леанід Райчонак. Праграміст быў затрыманы летам на беларуска-польскай мяжы. Прысуд – шэсць гадоў калоніі за ахвяраванні на карысць добраахвотнікам ва Украіне. На дадзены момант знаходзіцца ў СІЗА№7 горада Берасця.
І ў спіс палітвязняў таксама трапіў Юры Юрэня. Затрыманы на той жа падставе – за данаты на карысць нібы эстрэмісцкіх фармаванняў. Асуджаны на 5 гадоў калоніі. Знаходзіцца ў СІЗА№1.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя
