Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 перавысіла 57 тысяч
Колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 дасягнула 57.333, памерла 337 чалавек (плюс шэсць за апошнія суткі), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Прырост хворых за суткі склаў 676 выпадкаў (1,2%). Чацвёрты дзень сутачны паказчык захворвання, згодна з афіцыйнай статыстыкай, фіксуецца ніжэй за 700. У папярэднія суткі было 625 новых выпадкаў і сем смерцяў. Міністэрства аховы здароўя традыцыйна адзначае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй”.
Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачунялі і выпісаныя 35.275 пацыентаў (1.252 за апошнія суткі). Такім чынам, ужо вылечаныя больш за палову ўсіх тых, хто захварэў.
Усяго праведзена 821.887 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 21.452.
Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Другі месяц Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемствы.
14 чэрвеня ў эфіры праграмы „Контуры” на тэлеканале ОНТ намеснік міністра — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Наталля Жукава заявіла, што ў Міністэрстве аховы здароўя не выключаюць другой хвалі захворвання на COVID-19. „Ва ўсякім выпадку, сістэма аховы здароўя рыхтуецца да гэтага”, — падкрэсліла яна.
„Як будзе працякаць інфекцыя, мы будзем назіраць за краінамі, якія сёння знаходзяцца крыху ў іншай стадыі, дзе інфекцыя ў тым выглядзе, у якім мы назіралі яе ў красавіку, у сакавіку, гэты эпідпрацэс завяршыўся, і будзем рабіць высновы і прагназаваць”, — сказала Жукава.
Яна адзначыла, што ўзровень захворвання на каронавірус у Беларусі зніжаецца. „Прагнозы, якія былі зробленыя раней на чэрвень аб плаўным зніжэнні захворвання, спраўджваюцца”, — дадала Жукава.
Паводле яе слоў, „ёсць тэрыторыі, дзе захворванне — практычна мінімальнае, ёсць тэрыторыі, дзе яшчэ эпідпрацэс працягваецца”. „Але ў цэлым мы бачым станоўчую дынаміку”, — заявіла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.