Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 63.554



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 63.554 (+284 за апошнія суткі), памерла 423 чалавекі (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Трэці дзень запар сутачны прырост інфікаваных, паводле афіцыйнай статыстыкі, ніжэйшы за 300. У папярэднія суткі новых выпадкаў было менш — 273 (смерцяў — шэсць).

Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняў і выпісаны 50.871 пацыент (за апошнія суткі 202). Такім чынам, вылечылася прыблізна 80% хворых.

Праведзена 1.068.029 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 8.730.

Варта адзначыць, што Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш як два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, з улікам аналізу захворвання COVID-19 у краіне праводзіцца паэтапнае вяртанне да звычайнай працы арганізацый аховы здароўя, якія былі перапрафіляваныя для аказання меддапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй. Частка устаноў аховы здароўя Менска і абласцей запрацавалі ў звычайным рэжыме ўжо ў чэрвені.

26 чэрвеня на сустрэчы з найлепшымі выпускнікамі медуніверсітэтаў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што эпідэміялагічная сітуацыя з распаўсюджваннем COVID-19 у краіне паляпшаецца. „Мы рэгіструем менш каранавірусных ускладненняў у выглядзе пнеўманіі”, — сказаў ён.

1 ліпеня вярхоўны камісар ААН Мішэль Бачэлет, прэзентуючы штогадовую справаздачу Радзе па правах чалавека, адзначыла: У Беларусі, ЗША і шэрагу іншых дзяржаў заявы, якія прыніжаюць сур’ёзнасць COVID-19, падрываюць намаганні па барацьбе з інфекцыяй і могуць прывесці да росту захворвання на каранавірусную інфекцыю.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што каранавірус прывёў „да псіхозу ўсю планету” і што сама хвароба ў пандэміі займае палову, астатняе — палітыка. 2 ліпеня, уручаючы дзяржаўныя ўзнагароды, ён падкрэсліў: „Мы не зніжаем градус барацьбы, хаця ўжо сёння можна сказаць — мы перамаглі. І пасля канчатковай перамогі над СОVID-19 абавязкова асобна сустрэнемся з нашымі ўрачамі, якія сёння ўсё яшчэ на пасту”.

belapan.by