Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 64.604
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 64.604 (+193 за апошнія суткі), памерла 454 чалавекі (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Другія суткі запар прырост інфікаваных, згодна з афіцыйнай статыстыкай, ніжэйшы за 200. У папярэднія суткі было 187 новых выпадкаў і шэсць смерцяў.
Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 54.254 пацыенты (за апошнія суткі 645). Такім чынам, вылечныя больш за 80% тых, хто захварэў.
Праведзена 1.111.614 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 12.043.
Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш як два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.
9 ліпеня міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што за апошні месяц колькасць інфікаваных COVID-19 знізілася ў некалькі разоў, і колькасць пнеўманій таксама. „Апошнія тыдні мы назіраем устойлівую станоўчую дынаміку. Гэта тычыцца як колькасці выяўленых выпадкаў інфікавання, так і (што найбольш важна) колькасці ўскладненых формаў захворвання. Гэта тыя пацыенты, у якіх цячэнне каранавіруснай інфекцыі ўскладняецца пнеўманіямі”, — сказаў Каранік, каментар якога паказаў тэлеканал СТВ.
Зніжэнне захворвання, паводле слоў міністра, дазваляе праводзіць зваротнае перапрафіляванне ложкавага фонду. „Гэта тычыцца ўсіх рэгіёнаў без выключэння нашай краіны. Бальніцы вяртаюцца да звычайнага рэжыму функцыянавання”, — дадаў ён.
Як адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя, цяпер няма неабходнасці ў вялікай колькасці бальніц для пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Разам з тым ідзе праверка гатоўнасці медустаноў на выпадак другой хвалі COVID-19.
Фота: МН