Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 67.366



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 67.366 (+115 за апошнія суткі), памерлі 543 чалавекі (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

За мінулыя суткі зноў знізіўся прырост інфікаваных. Ніжэй за 200 выпадкаў ён трымаецца 20-ты дзень запар. У папярэднія суткі было 119 новых выпадкаў і чатыры смерці.

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 60.669 пацыентаў (за апошнія суткі 177). Такім чынам, паправіліся 90% хворых.

Праведзена 1.270.082 тэсты на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 12.683.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш як тры месяцы Міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

Барацьба з пандэміяй каштавала бюджэту амаль паўмільярда рублёў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны. „Тут і дадатковыя выдаткі на медыцыну, і сродкі на падтрымку рэальнага сектара эканомікі. Але чалавек заўсёды важнейшы за грошы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка зазначыў, што „дзякуючы агульным намаганням айчынная сістэма аховы здароўя справілася”, колькасць хворых зніжаецца. „Я маю на ўвазе не пратэставаных, а рэальна хворых. Але сітуацыя ў свеце далёка не аптымістычная: гэтай хваробай заразіліся амаль 15 млн чалавек. Ёсць краіны, дзе ўводзяць паўторныя абмежавальныя меры. Гэта значыць людзей замкнулі, увялі каменданцкую гадзіну, адамкнулі і атрымалі новы ўсплёск хваробы, давялося зноў замыкаць у кватэрах”, — сказаў ён.

У сувязі з гэтым Лукашэнка падтрымаў медыкаў, якія раяць сёлета адпачываць толькі ў Беларусі, каб пазбегнуць другой хвалі інфекцыі. „Я ўжо папярэдзіў: мы нікому нічога не забараняем, куды хочаце едзьце, але пасля вяртання ў краіну сядзеце на каранцін за свой кошт. З усімі наступствамі”, — заявіў ён.

belapan.by

Фота: МН