Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі перавысіла 45 тысяч
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 45.116, памерла 248 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Такім чынам, за апошнія суткі памерла яшчэ пяць чалавек, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 861, або на 1,9% (у папярэднія суткі было 852 новыя выпадкі і тры смерці). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй”.
Паправіўся і выпісаны 20.171 пацыент (976 за суткі). Усяго праведзена 573.699 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 10.754.
Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Другі месяц Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемствы.
3 чэрвеня лідар руху” За Свабоду” Юрый Губарэвіч перадаў у Міністэрства аховы здароўя зварот з заклікам выканаць усе рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя адносна пераадолення пандэміі COVID-19. У прыватнасці, ён патрабуе ад міністэрства паўнавартаснага інфармавання грамадскасці пра сітуацыю з каронавірусам і настойвае на аднаўленне практыкі правядзення брыфінгаў кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя, „якіх не было ўжо больш за месяц”. Палітык таксама патрабуе ўвесці мараторый на правядзенне ўсіх масавых мерапрыемстваў з удзелам больш як 50 чалавек, перанесці ўступныя экзамены (на перыяд, пазнейшы за 1 жніўня), увесці меры па бяспечным карыстанні грамадскім транспартам, вярнуць цэны на ахоўныя маскі і санітайзары на ўзровень да пачатку эпідэміі, наладзіць сістэму экспрэс-тэставання грамадзян на наяўнасць каронавіруса.
belapan.by