Колькасць пенсіянераў у Беларусі скарацілі амаль на 25 тысяч



З павелічэннем пенсійнага ўзросту колькасць пенсіянераў скарацілася амаль на 25 тысяч у параўнанні з 2016 годам, паведаміла 2 лютага ў Менску на выніковай калегіі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны кіраўнік ведамства Ірына Касцевіч.

Паводле яе слоў, у выніку рэалізацыі мер па павелічэнні пенсійнага ўзросту і мінімальнага страхавога стажу тэндэнцыя росту колькасці пенсіянераў была пераламаная. „Іх колькасць у снежні 2017 года ў параўнанні са снежнем 2016 года скарацілася амаль на 25 тысяч”, — сказала міністр.

Яна адзначыла, што ў Беларусі працягваецца праца па адаптацыі пенсійнай сістэмы да росту запатрабаванняў у сродках на пенсіі насельніцтву, якое старэе. „У 2017 годзе пачалося павышэнне пенсійнага ўзросту, і ён стаў вышэйшы на год”, — сказала Касцевіч.

Таксама міністр расказала, што для пераважнай большасці грамадзян патрабаванні па мінімальным страхавым стажы выканальныя. Аднак, паводле вынікаў маніторынгу рэалізацыі мер па павышэнні мінімальнага страхавога стажу, Мінпрацы ўсё ж падрыхтавала праект указа, згодна з якім для асобных уразлівых катэгорый грамадзян працягласць страхавога стажу паменшаная. Ён набыў моц 1 жніўня 2017 года.

У 2018 годзе, адзначыла Касцевіч, будзе праведзены агульны пераразлік пенсій, яго тэрміны і аб’ём будуць вызначаныя ўрадам у адпаведнасці з фінансавымі магчымасцямі. Задача міністэрства — падняць памер сярэдняй пенсіі ў дачыненні да сярэдняй зарплаты па краіне да суадносін у 40%. Аднак, падкрэсліла міністр, гэта будзе залежаць ад таго, як будзе развівацца эканоміка.

Паводле слоў Касцевіч, на 2018 год „велізарны пласт працы” — гэта заключэнне міжнародных дагавораў па пенсійным забеспячэнні для стварэння эфектыўнага механізму захавання пенсійных правоў грамадзян пры перасяленні іх у іншую краіну.

 
belapan.by