Колькасць вязняў, якіх беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі, перавысіла 300



Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ трох чалавек, гаворыцца ў супольнай заяве, апублікаванай 25 сакавіка на праваабарончым сайце spring96.org.

Цяпер у краіне 302 палітвязні.

Статус палітычных зняволеных атрымалі Уладзімір Шакун (асуджаны на два гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу паводле ч. 1 арт. 368 і арт. 370 КК — абраза прэзідэнта і знявага дзяржаўных сімвалаў адпаведна), Ілля Тананка (1,5 года абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу, арт. 369 КК — абраза прадстаўніка ўлады) і Рамуальд Улан (2,5 года абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу, арт. 188 КК — паклёп). Усе яны ўжо накіраваныя ў месцы адбыцця пакарання. У 1996—2003 гадах Улан выдаваў незалежную „Новую газету Смаргоні”.

Праваабаронцы чарговым разам пацвердзілі сваё патрабаванне па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў.

Яны лічаць пераслед і пазбаўленне волі Шакуна, Тананкі і Улана „палітычна матываванымі, звязанымі з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання”.

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць гэтых асоб і спыніць іх крымінальны пераслед, зрабіць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, спыніць усе раней распачатыя паводле гэтых артыкулаў крымінальныя справы.

Апрача таго, яны патрабуюць „неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны”.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі Хельсінкскі Камітэт, установы „Ініцыятыва FORB” і „Х`юман канстанта”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

belapan.by