Колькасць заражаных COVID-19 у Беларусі вырасла да 51
Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруса COVID-19 у Беларусі вырасла з 36 да 51.
«Па стане на 8.00 раніцы сёння 9 пацыентаў маюць клінічныя прыкметы інфекцыі COVID-19, г.зн. па-сутнасці, з’яўляюцца хворымі. Таксама на кантролі знаходзяцца 37 пацыентаў са станоўчымі лабараторнымі тэстамі, але без клінічных праяў хваробы», – паведаміла 18 сакавіка прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
З лякарняў выпісалі пяць пацыентаў, яшчэ тром праводзіцца паўторнае лабараторнае абследаванне, яны рыхтуюцца да выпіскі ў найбліжэйшы час.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, з пачатку рэгістрацыі ў Беларусі каронавіруса COVID-19 17 выпадкаў – прывазныя. З іх чатыры апошнія (з Іспаніі, Францыі, Германіі і Санкт-Пецярбурга) былі выяўлены пры правядзенні санітарна-каранціннага кантролю. Астатнія – пацверджаныя ў ізаляваных пацыентаў, якія адносяцца да кантактаў першага ўзроўню.
Працягваецца медыцынскае назіранне за 1 960 грамадзянамі, якія прыбылі з неспрыяльных краін, у дачыненні амаль да 2 700 двухтыднёвае медыцынскае назіранне завершана.
Беларускае Радыё Рацыя