Колькі абітурыентаў абралі беларускую мову на ЦТ?



Больш за 92 тысячы абітурыентаў зарэгістраваліся на сёлетняе Цэнтральнае тэставанне, – пра гэта паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў. Пры гэтым на расейскую мову зарэгістравалася 75 тысяч 400 абітурыентаў, што некалькі менш, чым у мінулым годзе. У той жа час жадаючых здаваць беларускую мову ў гэтым годзе стала больш – амаль 28,5 тысяч (летась было на 6 тысяч чалавек менш).

Каментуе старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

– Самыя страшныя гады былі 1998-99.  Зараз беларуская  мова  ў нашай краіне ў вялікіх гарадах знаходзіцца ў пашане. І ў прынцыпе людзі кажуць: „Калі заўтра Лукашэнка абвесціць, што школы і ўніверсітэты будуць беларускія, мы скажам, дзякуй, і прывядзём сваіх дзяцей. Але змагацца за гэту мову мы не будзем. Мы яе ведаем, наколькі можам.” Нашае насельніцтва размаўляе на мове начальства.

Па дадзеных Міністэрства адукацыі, летась на цэнтралізаваным тэставанні па беларускай мове абсалютны вынік 100 балаў атрымалі 50 чалавек – 10 чалавек  з Берасцейскай вобласці і 9 – з Гарадзенскай.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Рэгіянальная газета