Колькі ахвяраванняў на барацьбу з COVID-19 сабраў Беларускі Чырвоны Крыж?



Беларускі Чырвоны Крыж паведаміў, колькі за год сабраў ахвяраванняў на барацьбу з COVID-19. Арганізацыя атрымала звыш 7,5 мільёнаў рублёў – гэта ахвяраванні як фізічных, так і юрыдычных асобаў, а таксама замежных партнёраў. У асноўным сродкі пайшлі на набыццё медыцынскага абсталявання ды абслугоўванне людзей, якія апынуліся ў зоне рызыкі захворвання.

“Ва ўмовах пандэміі грамадзяне працягваюць звяртацца па нашу дапамогу”, – адзначае супрацоўніца Чырвонага Крыжа Надзея Аксак:

– Якія катэгорыі звяртаюцца? Гэта адзінокія, няпоўныя сем’і, грамадзяне, якія знаходзяцца на самаізаляцыі. А таксама ёсць агульная катэгорыя насельніцтва, у якой дастаткова шмат пытанняў па сітуацыі, якая склалася, і яны б хацелі атрымаць тлумачэнні. Яны іх атрымліваюць, калі звяртаюцца на нашу гарачую лінію. Адзінокія і тыя, хто жывуць адны, у асноўным звяртаюцца па пытаннях дастаўкі прадуктаў харчавання і лекаў.

Па інфармацыі Чырвонага Крыжа, за пандэмічны год паслугі па набыцці лекаў і прадуктаў першай неабходнасці атрымала 68 тысяч жыхароў краіны.

Беларускае Радыё Рацыя