Колькі беларусы будуць плаціць за шэнгенскія візы?



І без таго высокі кошт шэнгенскай візы для беларусаў будзе яшчэ большым – вырашыла Рада Еўразвяза. Павышэнне кошту шэнгенскай візы да 80 еўра – гэта толькі адзін са шматлікіх чыннікаў, якія павінны паскорыць выдачу візаў.

Беларусы заслужылі бясплатныя візы, мяркуе сябра Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

– Еўразвяз будзе ўводзіць памежны дагляд на ўнутраных межах – гэта той аспект, які датычыцца палітыкі міграцыі ўнутры Еўразвяза і знешней міграцыі. Будзе падвышацца кошт для афармлення візаў, што безумоўна негатыўна адаб’ецца на беларусах. Нават нязначнае павелічэнне кошту візы для беднай краіны – гэта праблема. Партыя БНФ заўсёды выступала за адмену віз для беларусаў, а не спрашчэнне, чаго зараз дабіваецца афіцыйны Менск.

Урад Беларусі нібыта дамагаецца таго, каб зменшыць кошт візаў, але пагадненне пра рэадмісію паміж Еўразвязам і Беларуссю пакуль не заключана. А гэта адно з базавых прычынаў таго, што кошт візаў пакуль не зменшаны.

Высокі кошт шэнгенскіх візаў – гэта негатыўная з’ява, кажа сябра абласной рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Банцар:

– Праблема не ў простых беларусах, а ва ўладзе нашай краіны. Калі ўрады такіх краін, як Арменія, Азербайджан ды Расея змаглі дамовіцца за гэты час пра кошт візы 35 еўра, то гэта пры жаданні маглі б зрабіць і ўлады Беларусі. Але ўлады Беларусі праводзяць такую палітыку, каб грамадзяне Беларусі ўвогуле менш ездзілі за мяжу і глядзелі як нармальна жывуць людзі.

Пакуль рана казаць пра тое, што кошт візы знізіцца да 35 еўра, на што спадзяваліся ў перамовах з ЕЗ беларускія дыпламаты. Калі кошт візы павысіцца да 80 еўра, то нават у выпадку паспяховага пагаднення, візавы збор можа скласці каля 45 еўра.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня