Колькі каштуе міліцыя ў Гомелі?



Арганізатар першамайскага мітынгу апазіцыі ў Гомелі, старшыня гарадской арганізацыі партыі „Зялёныя” Юрый Глушакоў застаўся вінен міліцыі за паслугі на масавым мерапрыемстве 296 рублёў, паведаміў ён БелаПАН.

У першамайскай акцыі, заяўку на якую падаваў Глушакоў, прыняло ўдзел каля 100 чалавек. Гарадскія ўлады напярэдадні мітынгу абавязалі арганізатара скласці дамову не толькі з камунальнымі службамі і медыкамі, але і з міліцыяй. Між тым заключэнне платнай дамовы з міліцыяй не прадугледжана рашэннем Гомельскага гарвыканкама „Аб масавых мерапрыемствах” ад 2013 года. У ім гаворыцца, што арганізатары мітынгаў і пікетаў „павінны прыкласці да заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства дамовы з цэнтральнай гарадской паліклінікай — аб медыцынскім абслугоўванні падчас правядзення мерапрыемства; з камунальным прадпрыемствам „ГорСАП” — аб забеспячэнні прыбірання тэрыторыі пасля правядзення мерапрыемства”.

„Напярэдадні мітынгу я заключыў дагаворы з камунальным прадпрыемствам і хуткай дапамогай. Медыкі пакуль рахунак не выставілі, а камунальныя службы ацанілі свае паслугі ў 46 рублёў. У суботу, за два дні да правядзення мітынгу, у канцы працоўнага дня мяне апавясцілі ўлады, што я яшчэ павінен заключыць платную дамову з міліцыяй, хоць гэтая норма не прапісана ў рашэнні гарвыканкама. Але было ўжо позна нешта мяняць, таму што працоўны дзень быў скончаны, і дагавор я атрымаў на рукі ўжо ў 19.30 у суботу”, — расказаў БелаПАН Глушакоў.

Яшчэ без факта „аказання паслуг” міліцыя ацаніла сваю працу ў 296 рублёў. Гэтыя платныя дамовы Глушакоў назваў „элементамі буржуазнай дэмакратыі, калі хочаш нешта сказаць — заплаці грошы”.

Паводле яго слоў, прадстаўнік УУС на папярэдняй сустрэчы абяцаў, што дзеянні міліцыі на мітынгу будуць карэктнымі і яны „пачнуць дзейнічаць” толькі тады, калі пачуюць „нацысцкія лозунгі” або заўважаць праявы якога-небудзь гвалту.

Глушакоў абураны дзеяннямі міліцыі на мітынгу, бо супрацоўнікі праваахоўных органаў наладзілі поўны дагляд удзельнікаў мерапрыемства, правяралі кішэні, прамацвалі вопратку і гэтак далей. Да пачатку мітынгу і пасля яго былі затрыманыя актывісты і журналісты.

Яшчэ 30 мая супрацоўнікі АМАПа затрымалі журналіста Яўгена Меркіса. Яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. Да суда, які адбыўся 2 мая, журналіст быў у ІЧУ. Суд пакараў яго штрафам у пяць базавых велічынь.

Раніцай 1 мая, да пачатку мітынгу, міліцыя затрымала актывіста прафсаюза РЭП Віктара Рубцова, грамадскіх актывістаў Барыса Анікеева і Андрэя Макарава, актывіста АГП Мікалая Пяшко. Пасля мітынгу былі затрыманыя журналісткі Ларыса Шчыракова і Марына Драбышэўская.

Таксама пасля мерапрыемства быў затрыманы намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў, а 2 мая суд пакараў яго арыштам на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванні міліцыі. Хоць мітынг быў дазволены.